«Моя главная профессия – быть мамой» – знакомим с лауреатом областной премии им. Героя Советского Союза З. М. Туснолобовой-Марченко Оксаной Столяровой из агрогородка Мишневичи

Главное Общество Семья

Сёння, 14 кастрычніка, у Віцебскім аблвыканкаме ўшаноўваюць жанчын Віцебшчыны, якія ўдастоены абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка. Сярод узнагароджаных і наша зямлячка – Аксана СТАЛЯРОВА з аграгарадка Мішневічы.

Сёлета Аксана і Аляксандр Сталяровы адзначылі апалавае вяселле – 21 год сумеснага жыцця. Абодва мясцовыя, мішневіцкія, выхоўваюць дваіх дзяцей. Стрэйшаму Івану 17 гадоў, ён трэцякурснік Полацкага ляснога каледжа, Насця вучыцца ў шостым класе. Дзеці з радасцю сустрэлі навіну, што маму намініравалі на абласную прэмію. «Яна гэтага заслужыла – наша мама выдатная, – з гонарам кажа гаваркая Насця. – Яна добрая, клапатлівая, творчая. Сучасная і модная. Мы разам манціруем відэаролікі для розных конкурсаў, абмяркоўваем моду, плануем пакупкі. Я магу з мамай падзяліцца сакрэтамі, бо ведаю, што яна нікому не раскажа».
Аляксандр працуе егерам Шумілінскага лясніцтва і часта ў выхадныя дні суправаджае кагорту прыезджых паляўнічых. Таму дамашнія справы кладуцца па плечы Аксаны. Хуткая і спрытная гаспадыня з усім спраўляецца: печ прапаліць, прыбраць, ежу прыгатаваць, кветкі пасадзіць і прапалоць, зрабіць карціны з бісеру, з’ездзіць з сям’ёй на рыбалку.
Колькі сябе помніць, Аксана Сталярова заўсёды была актывісткай. Такая і цяпер. І гэта вельмі дапамагае ў рабоце – працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Мішневіцкай БШ і па сумяшчальніцтве – выхавальнікам дзіцячага сада. А яшчэ з’яўляецца кіраўніком школьнага музея і адзінага ў раёне дашкольнага лясніцтва «Лесавічок». На днях Аксана Аляксандраўна павязе дзяцей школы на экскурсію на Мінскі трактары завод.
Актыўнасць мамы перадаецца і дачцэ. Насця ўдзельнічае ў многіх конкурсах, у мінулым навучальным годзе перамагла ў абласным конкурсе «Я пазнаю свет», сёлета працуе над навуковай работай «Матэматычнае вымярэнне кавуна».
Аксана Сталярова займаецца і грамадскімі справамі, бо з’яўляецца дэпутатам Мішневіцкага сельскага Савета дэпутатаў па Мішневіцкай выбарчай акрузе № 4. Яна патрыёт сваёй радзімы, лічыць, што як і яна з мужам, яе дзеці будуць працаваць у родным раёне (Іван вучыцца па накіраванні ад Шумілінскага лясгаса, ён будучы майстар лесу).
Слова – Аксане Сталяровай:
– Было прыемнай нечаканасцю навіна пра тое, што мяне, як маці, запрашаюць на ўрачыстасці ў аблвыканкам. Адчуваю радасць і гордасць, бо галоўная мая прафесія – быць мамай. Сама я з мнагадзетнай сям’і, і бацькі вучылі нас быць працавітымі, дружнымі, шчырымі, не адмаўляць у дапамозе людзям. Такімі ж стараемся выхоўваць і нашых дзяцей. Я вельмі люблю сваю сям’ю, жыву, працую і стараюся для яе. Самае вялікае маё жаданне – каб дзеці былі шчаслівымі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *