Дерево посадил, детей родил, дом построил…

Общество Семья

Дрэва пасадзіў,  дзяцей нарадзіў, дом пабудаваў

Усе чацвёра дзяцей Уладзіміра і Вікторыі Пралічаў – Аня, Насця, Сярожа і Арынка, як і самі бацькі, чакаюцьне дачакаюцца, калі пераедуць з кватэры ў новы дом. Ён практычна гатовы, засталося ўстанавіць міжпакаёвыя дзверы і зрабіць ванны пакой.

Уладзімір і Вікторыя жывуць разам 15 гадоў, сёлета адзначылі крыштальнае вяселле. Будаўніцтва дома – справа гаспадара. Сам ён жартуе, што місію па пасадцы дрэў, будаўніцтве дома і нараджэнні дзяцей ён выканаў. «Участак купіў мой бацька Юрый Міхайлавіч і падарыў унукам, – расказвае Уладзімір. – Ну, а потым, я, як кажуць, закасаў рукавы. Спачатку разабраў стары дом на ўчастку, потым пабудаваў гараж, каб было куды машыну паставіць і будаўнічы інструмент пакласці. А затым узяўся за будаўніцтва дома. Фундамент зрабілі з маналітных пліт, сцены ўзвялі з газасілікатных блокаў. Працаваў не адзін, разам з бацькам і цесцем Дзмітрыем Валер’евічам, для некаторых работ наймалі будаўнікоў. Для гэтых мэт выкарысталі датэрмінова мацярынскі капітал – дзесяць тысяч долараў пайшло на фундамент, дах і вокны. Вельмі дарэчы для нас была і субсідыя на будаўніцтва (каля 54 тысяч рублёў), якую дзяржава прадастаўляе мнагадзетным сем’ям – дом стаў “расці” значнай хутчэй. Мы будаваліся на працягу пяці гадоў. Колькі на ўсё пайшло грошай, не скажу, не запісваў, ведаю адно – многа. Шчыра ўдзячны бацькам, маім і Вікторыі, за дапамогу і матэрыяльную падтрымку. Без іх бы мы не справіліся»

Уладзімір працуе слесарам у Шумілінскай ПМК-70, з дзяцінства сур’ёзна захапляецца тэхнікай. Ён сам і праект дома першачарговы начарціў, і навучыўся розным будаўнічым работам па інтэрнэце. Цяпер вось прадумвае добраўпарадкаванне каля дома. Вікторыя, якая працуе медсястрой у ЦРБ, усім гатова дапамагчы, аднак трэба дагледзець чацвярых дзетак. Новы дом Пралічаў вялікі двухпавярховы, зверху абкладзены тэрмапанэллю. Праведзена газавае ацяпленне, столь – нацяжная, на кухні і ў гасцінай (на першым паверсе) падлога выкладзена пліткай, у трох пакоях (на другім паверсе) – ламінатам. На сценах – прыгожая сучасная дэкаратыўная аддзелка. Дом утульны, зручны і цёплы, такі, пра які марыла сям’я, якая называе сябе дружнай камандай. Няхай у іхнім новым доме заўсёды жыве шчасце!

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *