Музей Обольского комсомольского подполья отметил своё 60-летие

Главное Культура Общество

Обальскаму музею –  60. Шлях скрозь час

29 кастрычніка Обальскі музей камсамольскага падполля –  філіял Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея святкаваў сваё 60-годдзе.

На ўрачыстае мерапрыемства “Шлях скрозь час: гісторыя, якую забыць нельга” сабраліся прадстаўнікі ўлады, раённых і абласных грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў, грамадскасці і камсамольскія актывісты розных часоў, сябры музея. Павіншаваць калег з юбілеем прыехалі кіраўнікі музеяў з Невельскага і Вялікалуцкага раёнаў Пскоўскай вобласці Расіі.

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Дзяніс Юрчак, загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава, старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў, старшыня праўлення абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава, кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Жандараў, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Цэрах, пісьменнік Мікалай Мароз, якія выступілі на мерапрыемстве, гаварылі пра ролю музея, як захавальніка праўды пра гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, подзвіг обальскіх падпольшчыкаў. Цяжка пераацаніць значэнне музея ў выхаванні падрастаючага пакалення, экспазіцыя музея дэманструе жахі вайны, паказвае каштоўнасць міру, падкрэслівалі многія з аратараў. Госці перадавалі дырэктару Шумілінскага гісторыка‑краязнаўчага музея Святлане Івановай віншвавальныя адрасы, падрункі для музея.

Былы старшыня раённага Савета дэпутатаў ганаровы госць мерапрыемства Ірына Новікава ўзгадала, як праводзіўся капітальны рамонт і стваралася новая музейная экспазіцыя. “Гэта была агульная справа, усе – мастакі, афарміцелі, дэкаратары, музейныя работнікі раённага і абласнога музеяў – працавалі над новай экспазіцыяй у адзіным парыве. Вялікую падтрымку былому загадчыку музея Нэлі Азолінай, якая ведала ўсё пра экспанаты, дакументы, фатаграфіі, што маюцца ў музейных фондах, аказаў тагачасны старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў. У выніку атрымаўся годны музей, які будзе працаваць для людзей яшчэ многія гады”, – сказала Ірына Мікалаеўна.

Настаяцель обальскага храма Святога Ануфрыя Вялікага іерэй Уладзімір Пучынскі падкрэсліў, што музей з’яўляецца храмам памяці і гісторыі, уплывае на душы людзей. Ён прачытаў кароткую малітву за ахвяр вайны, заклікаў маліцца за мір на нашай зямлі.

Кіраўнік раённага аддзялення Беларускага фонду міру Людміла Шаўцова ўзнагародзіла актывістку раённай ветэранскай арганізацыі Таццяну Карніловіч, якая стала пераможцай інтэрнэт‑віктарыны пра обальскіх падпольшчыкаў “605 дзён беспрыкладнага подзвігу”, прысвечанай юбілею музея.

Госці з Расійскай Федэрацыі – дырэктар музея гісторыі Невеля Лілія Арцыхоўская і дырэктар Баркоўскага літаратурна‑мастацкага музея імя пісьменніка І. А. Васільева (Вялікалуцкі раён) Вольга Андрыеўская – расказалі пра супрацоўніцтва музеяў Пскоўшчыны і Віцебшчыны, якое зарадзілася і пачало развівацца і ўмацоўвацца. Стэнды гэтых музеяў сталі часткай выставы шумілінскага музея “Наша агульная Перамога”, прысвечанай 80‑годдзю Перамогі.

Святлана Іванова падзякавала ўсім за падтрымку музея, удзел у мерапрыемстве і ўручыла ганаровым гасцям настольныя вымпелы “60 год музею Обальскага камсамольскага падполля”.

Для ўрачыстага мерапрыемства работнікі РЦК і ўдзельнікі ансамбля “Гарэзнікі” падрыхтавалі песні пра камсамольскую маладосць, родную зямлю, любімую Беларусь, якія стварылі святочную атмасферу.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

З   ГІСТОРЫІ

Заснаваны 29 кастрычніка 1965 года як Рэспубліканскі музей камсамольскай славы – філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У 1985 годзе была праведзена рээкспазіцыя, музей стаў называцца музеем Обальскага камсамольскага падполля. З 1 студзеня 1990 года перададзены ў распараджэнне ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. У 2002 годзе рэарганізаваны ў філіял Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.

У 2008 годзе адбыўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй музейнага будынка, была абноўлена экспазіцыя музея, урачыста адкрытая да 90-годдзя УЛКСМ. Аснову экспазіцыі складаюць матэрыялы, прысвечаныя дзейнасці легендарнай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”, якая дзейнічала на тэрыторыі Обальскага сельсавета ў гады Вялікай Айчыннай вайны – адзінай у сваім родзе маладзёжнай падпольнай арганізацыі на тэрыторыі не толькі Віцебскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Сярод унікальных экспанатаў – дакументы, асабістыя рэчы вядомых герояў-падпольшчыкаў, у тым ліку Герояў Савецкага Саюза Е. С. Зяньковай і З. М. Партновай. У 2008 годзе экспазіцыя музея папоўнілася дыярамай “Партызанскі лагер” і карцінай мастака В. Е. Ціханенкі “Падпольшчыкі рыхтуюцца да задання”.

Музей уключаны ў турыстычныя маршруты Віцебскай вобласці і Шумілінскага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *