Супраць «Улі-Фрэнсіс» – усім раёнам!
Выпрабаванне цыклонам «Улі-Фрэнсіс» вытрымалі! За лапаты ўзялася ўся Беларусь, прадэманстраваўшы ўсяму свету, што беларусам усё па сілах. Асабісты прыклад падаў і сам Прэзідэнт краіны!
Даўно ў нас не было такой зімы! Беларусь 8 і 9 студзеня накрыў паўднёвы цыклон з двайным імем Улі-Фрэнсіс, які многія параўналі з Хаўерам сакавіка 2013 года. Улі – так яго назвалі нямецкія сіноптыкі, а Фрэнсіс – італьянскія, дзе ён і зарадзіўся.
Першымі ўдар прынялі гамяльчане і магіляўчане. Позна вечарам 8 студзеня цыклон з моцным ветрам і снегападам дабраўся да Шуміліншчыны. Дзякуючы зладжаным, аператыўным і актыўным дзеянням шумілінцам удалося справіцца са стыхіяй і даць ёй сапраўдны адпор, паказаць, хто тут гаспадар.
Распараджэннем старшыні райвыканкама сілы і сродкі Шумілінскага раёна, якія ўваходзяць у склад Віцебскай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, былі неадкладна пераведзены ў павышаны рэжым функцыянавання.
Зацікаўленыя суб’екты гаспадарання аператыўна задзейнічаны на расчыстцы дарог ад снегу, дахаў – ад снегавой нагрузкі і наледзі, дзяжурна-дыспетчарскія службы пераведзены на ўзмоцнены рэжым работы, аварыйныя службы гатовыя аказаць дапамогу пры неабходнасці. На тэрыторыі вобласці ДАІ ўвяло спецыяльны план «НАДВОР’Е», супрацоўнікі Шумілінскай ДАІ арганізавалі кругласутачны маніторынг дарог, прымалі меры па забеспячэнні бяспечных умоў руху, кантралявалі работы па аператыўнай расчыстцы дарог.
Першымі ўдар прынялі работнікі УП ЖКГ і дарожныя службы, якія выйшлі на барацьбу са снегам у тры гадзіны ночы. На лініі па ўсёй тэрыторыі рэгіёна ў бесперапынным рэжыме працавалі 37 адзінак спецтэхнікі ЖКГ, ДРБУ-204, ДЭУ-36, сельгаспрадпрыемстваў. У першачарговым парадку расчышчаліся маршруты руху грамадскага транспарту, пад’езды да ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, асноўныя шляхі руху пешаходаў. Толькі ў райцэнтры на расчыстцы снегу былі задзейнічаны 5 трактароў, грэйдар, аўтамабіль МАЗ, два пагрузчыкі УП ЖКГ. Акрамя гэтага, 12 чалавек з лапатамі расчышчалі пешаходныя пераходы, па адной адзінцы тэхнікі таксама былі задзейнічаны на ўчастках УП ЖКГ.
На расчыстку дарог ад снегу выехалі 4 МАЗы, 2 грэйдары, «Амкадор», 4 трактары ДРБУ-204. У першы дзень асноўныя маршруты з масавым рухам аўтатранспарту былі расчышчаны па два разы. Акрамя гэтага, уручную расчышчалі прыпыначныя аўтобусныя пункты.Не вытрымалі моцнага ветру некалькі дрэў на аўтатрасах (каля Мясаедава і паміж вёскамі Лявонава і Убоіна), што прынесла дадатковыя клопаты дарожнікам – работнікам ДЭУ-36 і ДРБУ-204, якім прыйшлося не толькі расчышчаць дарогі ад снегу, але і прыбіраць паваленыя дрэвы для аднаўлення транспартнага шляху.
Калі развіднела, на расчыстку ад снегу замацаваных тэрыторый выйшлі работнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, актыўнасць праявілі і многія прыватныя жыхары, якія расчышчалі падыходы да сваіх дамоў і пад’ездаў, стаянкі аўтатранспарту. Акцыю «Эстафета дабра» па аказанні сталым людзям, адзінокім пенсіянерам, грамадзянам з абмежаванымі магчымасцямі неабходнай дапамогі ў расчыстцы запусціў РК ГА БРСМ. Валанцёры-школьнікі дапамагалі ветэранам працы, ва ўзмоцненым і напружаным рытме працавалі сацыяльныя работнікі ТЦСАН, дапамагалі падапечным справіцца са снежнымі намецямі і галалёдам. Мужнасць праявілі паштальёны, якія нягледзячы ні на што і насуперак усяму даставілі падпісчыкам пятнічны выпуск раённай газеты, пенсіі і прадукты.
Раніца суботы ў многіх пачалася не з кавы. Работы па ліквідацыі наступстваў цыклону ў раёне распачаліся ў 4 раніцы. Тэхніка і людскія рэсурсы выйшлі на снежную зарадку практычна ў такім жа складзе. Дзякуй богу, снегапад спыніўся. На расчыстку двароў у выхадны дзень выйшлі многія жыхары шматпавярховак. Камунальныя службы больш увагі таксама ўдзялілі расчыстцы двароў і вывазцы снегу (вывезлі столькі, што збіліся з ліку).
Цыклон «Улі-Фрэнсіс» заваліў краіну па самыя дахі, але беларусы не з тых, хто здаецца. Нам уласцівы сапраўдны беларускі дух: мы не скардзімся, а проста бяром і робім! Усміхаючыся скрозь завіруху, даём бой снегу! І перамагаем! І нават снежныя хіты ствараем і падпяваем зноў жа ўсёй краінай.
Алена КАРПУШЭНКА.
РУСЛАН НАСЦЮШКІН, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ РАЙВЫКАНКАМА:
– З гонарам хачу падкрэсліць, што Шумілінскі раён рэальна адпрацаваў на 100%. На барацьбу са снежнай стыхіяй былі мабілізаваны ўсе наяўныя тэхнічныя і чалавечыя рэсурсы. Для забеспячэння максімальна эфектыўнай расчысткі дарог і вуліц тэхніка практычна працавала ў рэжыме 24/7, у 2-3-х зменным рэжыме. Нягледзячы на моцны снегапад і няпростыя ўмовы надвор’я, грамадскі транспарт, пошта, сацыяльная служба і аўталаўкі працавалі у звычайным штатным рэжыме, не дапушчана дарожна-транспартных здарэнняў, надзвычайных сітуацый, скаргаў у службу 115.
На дапамогу прыйшла вёска – тэхніку прадаставілі ААТ «АграБаравінка», КУСГП «Ульскі», СУП «Лаўжанскае». Аператыўна і якасна спрацавалі шумілінскія электрыкі, работнікі службы «Водаканал». Плячо падставілі валанцёры, нераўнадушныя жыхары, якія выйшлі расчышчаць снег у сваіх дварах і аказалі дапамогу тым, хто меў у гэтым патрэбу.
Вялікі дзякуй усім за выдатную работу! Шумілінцы даказалі, што здольныя супрацьстаяць любым цыклонам і працаваць у экстрэмальных умовах. Разам мы – сіла!
ДАПАМОГА НА ЗІМОВАЙ ДАРОЗЕ
Супрацоўнікі ДАІ аказвалі на дарозе дапамогу вадзіцелям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. У прыватнасці, 9 студзеня на аўтатрасе Р-20 дапамаглі жыхару Полацка, аўтамабіль якога спыніўся каля Язвіна, бо замерзла дызпаліва. Супрацоўнікі ДПС Дзмітрый Шуміла і Павел Пучкоў адбуксіравалі “Таёту” на аўтазаправачную станцыю ў Шуміліна, дзе адагрэлі паліўны фільтр, а аўто было запраўлена зімовым дызельным палівам.
23 ДОБРЫЯ СПРАВЫ
Плённым выдаўся ў работнікаў ТЦСАН суботні дзень. Па падліках спецыялістаў цэнтра, людзям сталага ўзросту, адзінока пражываючым дапамагалі 8 спецыялістаў, 47 сацработнікаў, 2 аператыўныя мабільныя брыгады, 5 валанцёраў. Усе разам зрабілі 23 добрыя справы – расчысцілі тоны снегу да сацыяльных аб’ектаў, у дварах і каля дамоў, даставілі прадукты і лекі 9 грамадзянам, выканалі 23 індывідуальныя заяўкі ад сталых грамадзян.
Ларыса ЗАЙЦАВА.




















