У Паратоўцы будуюць прафілакторый
Каля фермы Паратоўка КУСГП «Ульскі» кіпіць работа: тут будуюць прафілакторый для цялят.
Будаўніцтва драўлянага прафілакторыя пачалі амаль два тыдні таму і мяркуюць закончыць да канца лістапада. А працуюць тут шэфы – работнікі аддзела па адукацыі. З піламі і дошкамі ў руках мы засталі каля фермы рабочых Обальскай СШ Генадзя Чарвінскага, Уладзіміра Садоўскага, Андрэя
Пліско. Мужчыны расказалі, што пачалі будаўніцтва са стоек і падлогі, а цяпер вось абіваюць сцены дошкамі. «У будаўніцтве разумею, – усміхаецца Генадзь Чарвінскі, якога калегі прызначылі галоўным падчас работы. – У свой час жа будаваў гаспадарчыя пабудовы і лазню. А прафілакторый – гэта не самая цяжкая работа. Нас забяспечылі бензапілой, палівам, цвікамі, дошкамі».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
КАМПЕТЭНТНЫ КАМЕНТАРЫЙ
Уладзімір КАСЦЮКОЎ, дырэктар КУСГП «Ульскі»:
– Прафілакторый, які будуем узамен старому, нам вельмі патрэбны. Спецыяльнае памяшканне для цялят, куды змяшчаюць нованароджаную жывёлу, апраўдвае сябе, бо тут забяспечаны маладняку ізаляваныя і камфортныя ўмовы для выжывання і развіцця, што садзейнічае абароне ад хвароб, правільнаму харчаванню і здароваму росту. У прафілакторый, даўжыня якога будзе 16 метраў, а шырыня – тры, мяркуем змясціць 20 цялятак.

