Сотрудники милиции предупреждают: «Не стоит «лайкать» всё, что попадается».

Закон

Не варта “лайкаць” усё, што трапіцца

Кожны год супрацоўнікі РАУС выяўляюць факты здзяйснення грамадзянамі дзеянняў, якія адносяцца да экстрэмісцкай дзейнасці. Іншы раз людзі і самі не ўсведамляюць, што паступаюць незаконна.

Так, жыхарка раёна з’яўлялася актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак. Яна паставіла “клас” на паведамленне, якое адносілася да экстрэмісцкіх матэрыялаў. А паколькі да яе старонкі ў сацыяльнай сетцы ”Аднакласнікі” доступ быў не абмежаваны, то аўтаматычна паведамленне стала бачным іншым карыстальнікам. Вось так жанчына па свайму няведанню стала распаўсюджвальніцай незаконнага матэрыялу.

«Прапаганда незаконных матэрыялаў у выглядзе рэпостаў, каментарыяў, аказання падтрымкі ў папулярызацыі каналаў адносіцца да распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, – падкрэслівае намеснік начальніка РАУС Павел Трафімаў. – А гэта ў сваю чаргу цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць – арышт або штраф ад 10 да 30 БВ з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, або грамадскія работы. Індывідуальнаму прадпрымальніку за такое ж правапарушэнне пагражае штраф у памеры да 100 БВ з канфіскацыяй сродка здзяйснення правапарушэння, юрыдычнай асобе – да 500 БВ».

Супрацоўнікі міліцыі заклікаюць: будзьце ўважлівымі і не стаўце “класы” дзе трапіцца. Перш прачытайце пост, а потым падумайце, ці трэба яго каменціраваць.

Супрацоўнікі РАУС рэгулярна манітораць сацыяльныя сеткі. У гэтым годзе складзены адміністрацыйныя пратаколы на шасцера жыхароў раёна за экстрэмісцкую дзейнасць.

У тэму. Да экстрэмісцкіх матэрыялаў адносяцца незаконныя сімволіка і атрыбутыка, інфармацыйная прадукцыя (друкаваная, аўдыё – і іншая наглядная агітацыя, рэклама). Поўны пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў і каналаў змешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь http://mininform.gov. by/documents/respublikanskiy-spisok-ekstremistskikh-materialov/.

Ларыса КІСЯЛЁВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *