У рабоце з дзецьмі не можа быць памылак
У Шумілінскім РАУС новы супрацоўнік. І гэта зноў дзяўчына.
Дзяўчына-міліцыянер у Шумілінскім РАУС – з’ява ўжо нярэдкая. Замест жаночых паліто і капялюшыкаў гэтыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва аддаюць перавагу строгай форме і фуражцы, а замест сумачкі з касметыкай у іх з сабой заўсёды рацыя, наручнікі, пісталет і дубінка. Некаторыя лічаць, што «насіць пагоны», як і вадзіць аўтамабіль, – не жаночая справа, але супрацоўніцы нашай міліцыі ўжо неаднаразова даказвалі зваротнае.
Вікторыя МАНДРЫК новую прафесію ў родным Шуміліне асвойвае першы месяц. На пасадзе ўчастковага інспектара па справах непаўналетніх РАУС малады міліцыянер пачала працоўную дзейнасць пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Міжнароднага універсітэта МІПСА. Для больш дакладнага пагружэння ў спецыфіку ведамства Вікторыя прайшла трохмесячную першапачатковую «вучэбку» ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь у Мінску.
«Яшчэ ў школьныя гады я для сябе цвёрда вырашыла, што хачу працаваць у міліцыі і менавіта ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Быць супрацоўнікам ІСН – гэта не толькі аўтарытэт і магчымасць насіць форму, але і тонкая работа з думкамі і душой дзіцяці, уменне знаходзіць падыход да кожнага індывідуальна і быць правадніком у складаным свеце», – падзялілася малады спецыяліст. Вікторыя ішла да сваёй мэты доўга і мэтанакіравана. Прызналася, што новае заўсёды выклікае трывогу, а асабліва такая адказная праца. Але гэтае пачуццё малады міліцыянер называе не перашкодай, а кропкай росту, а час пачатку працоўнага шляху – прыдатным момантам прымяніць свае веды і сілы.
«Вікторыя Мандрык валодае цвёрдым характарам і заўсёды мае ўстойлівую пазіцыю. Да яе прыслухоўваюцца дзеці і падлеткі. За невялікі тэрмін разам з Вікторыяй мы ўжо выявілі не адно правапарушэнне. У гэтым чалавеку ёсць упартасць і жаданне справядліва разабрацца ў праблеме. Да гэтых якасцей застаецца дадаць больш вопыту – і ў гэтага афіцэра будзе вялікая будучыня», – падзялілася асабістым меркаваннем пра сваю калегу старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Дар’я Трафімава. Дар’я Аляксандраўна з’яўляецца першым настаўнікам маладога спецыяліста і дапамагае ёй азнаёміцца з асновамі прафесіі, а таксама лічыць сваю падапечную не проста калегам, а напарнікам, з якой яны сышліся ў поглядах на працоўны працэс.
«Служба ў нас нялёгкая – у рабоце з дзецьмі не можа быць памылак, магчыма, менавіта ад нас, нашых дзеянняў і слоў будзе залежыць нечы далейшы лёс», – заключыла старшы лейтэнант міліцыі, лепшы інспектар па справах непаўналетніх у Беларусі і наша зямлячка Дар’я Трафімава.
Цікавы факт: у сваім першым інтэрв’ю для «Герой працы» ў пачатку сваёй працоўнай дзейнасці Дар’я, як і Вікторыя сёння, гаварыла пра сваю мару насіць пагоны і вострую любоў да справядлівасці. Магчыма, гэтыя падобныя жаданні і якасці далікатных дзяўчат з цвёрдым стрыжнем унутры стануць асновай для моцнага падмурка агульнай справы на карысць падрастаючага пакалення нашага раёна.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

