Ученики Шумилинской ДШИ успешно выступают на республиканских и международных творческих конкурсах

Культура Молодёжь

Выхоўваем музыкаў сусветнага ўзроўню

 Прадстаўляем багатае папаўненне рэспубліканскіх і міжнародных перамог у лістападзе

Магутная сіла сеткі Інтэрнэт, безумоўна, дае ў наш час унікальныя магчымасці. Для юных музыкаў – гэта выдатны шанс прама з роднага краю паказаць сябе на рэспубліканскім і міжнародным узроўні і даказаць, што таленавітыя дзеці і педагогі ёсць не толькі ў сталіцах і вялікіх гарадах, але і ў глыбінках. Перамогі вучняў Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў – таму прамое пацвярджэнне.

У сёмы раз рэспубліканскі конкурс «Рытмы планет» сабраў самых таленавітых музыкаў з усёй краіны. Прэстыжны творчы форум вызначыў лепшых з лепшых у розных намінацыях. Вышэйшы ўзровень падрыхтоўкі і майстэрства паказалі ансамбль шумілінскіх барабаншчыц (лаўрэат І ступені), Кірыл Круглікаў (харавое аддзяленне, лаўрэат І ступені) і Ганна Жыжова (клас баяна, лаўрэат ІІІ ступені). Дыпламантамі І ступені сталі баяністы Глеб Кулецкі, Максім Шаўнёў, Захар Голубеў і цымбалістка Алена Асташонак.

«Школа ганарыцца сваімі вучнямі! Кожная ўзнагарода – гэта вынік вялікай працы, таленту і імкнення да перамогі. Жадаем не змяншаць рытм і дасягаць новых творчых поспехаў»! – падзякавала за працу кіраўніцтва ДШМ.

На міжнародны «Кліч сцэны» таксама адгукнулася наша школа мастацтваў. Мэта маштабнага праекта – з адораных выканаўцаў розных краін выявіць новых зорак, умацаваць культурныя сувязі і даць маладым артыстам бясцэнны вопыт выхаду на вялікую сцэну. Пацвердзіўшы высокі клас на прэстыжным конкурсе-фестывалі, шумілінцы вярнуліся з перамогамі.

Дырэктар школы Алена Сцяпанава павіншавала трыумфатараў: лаўрэата І ступені Ангеліну Чаплінскую і лаўрэта ІІ ступені – народны аркестр народных інструментаў. «Наша школа мастацтваў зноў даказала, што выхоўвае музыкаў сусветнага ўзроўню!», – пракаменціравала Алена Уладзіміраўна.

Унікальную прастору для творчага абмену навыкамі, дзе сустракаліся розныя жанры і выканаўчыя школы, стварыў міжнародны фестываль-конкурс «Дыялог мастацтваў». Яго мэта – не проста спаборніцтвы, а сапраўдны дыялог, які ўзбагачае кожнага ўдзельніка. Харавыя калектывы Шумілінскай ДШМ і тут аказаліся на вышыні і былі па заслугах ацэнены строгім журы. Узорны хор і яго вакальная група сталі лаўрэатамі ІІ ступені.

«Адзінства і моц гучання, камернасць, тонкасць і артыстызм скарылі сэрцы слухачоў іншых краін. Двайны поспех нашых харыстаў – доказ высокай падрыхтоўкі і ўпартай працы», – з гонарам падвяла вынікі лістападаўскіх перамог дырэктар школы Алена Сцяпанава.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *