Валейбол і настольны тэніс
На мінулым тыдні вызначыліся пераможцы і прызёры ў спаборніцтвах па валейболе і настольным тэнісе.
За перамогу ў валейбольным турніры змагаліся 5 каманд – ОКЗ, райвыканкам, СДЮШАР, Раён газазабеспячэння і Шумілінскі філіял Верхнядзвінскага масласырзавода. Турнір удаўся на ўсе сто працэнтаў і па эмоцыях, і па выніках – на перамогу прэтэндавалі тры каманды, якія паміж сабой сыгралі з аднолькавым лікам 2:1. У першы дзень супергульню падарылі каманды райвыканкама і Раёна газазабеспячэння, ва ўпартай і бескампраміснай барацьбе перамог райвыканкам. У другі дзень галоўнымі героямі сталі валейбалісты СДЮШАР, якія па чарзе ў яркім стылі перамаглі спачатку Раён газазабеспячэння, а затым і райвыканкам.
У выніку прызавая тройка наступная: першае месца – СДЮШАР, другое – райвыканкам, трэцяе – Раён газазабеспячэння.
Заўсёды цікава праходзяць спаборніцтвы па настольным тэнісе, і сёлетняя спартакіяда не выключэнне. Спачатку званне мацнейшых разыгралі мужчыны. І адразу сюрпрыз: перамог Арцём Жораў з РАНС, які апярэдзіў Васіля Серафімовіча з Шумілінскага філіяла Верхнядзвінскага масласырзавода (другое месца) і Вадзіма Навуменку з СШ № 2 г. п. Шуміліна, якія апошнія гады традыцыйна паміж сабой змагаліся за перамогу.
А вось у жанчын прызавая тройка такая, як была і на мінулагодняй спартакіядзе: першае месца – Галіна Шчарбакова (Шумілінскі філіял Верхнядзвінскага масласырзавода), другое – Аляфціна Напрэенка (Беларусбанк), трэцяе – Кацярына Багданава (Раён газазабеспячэння).
На гэтым тыдні пачнуцца спаборніцтвы па бадмінтоне.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


