Пра здарэнні ў раёне расказаў першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Вячаслаў Воранаў.
За мінулы тыдзень у аператыўнадзяжурную службу РАУС паступіла 66 заяў і паведамленняў грамадзян. Былі ўзбуджаны чатыры крымінальныя справы. Выяўлена 19 адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку 5 з іх – за дамашняе насілле, тры – за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, два – за дробнае хуліганства. Міліцыянеры правялі адпрацоўку 22 асоб, якія стаяць на прафілактычных уліках.
Супрацоўнікі ДАІ на дарогах раёна выявілі 105 парушэнняў правілаў дарожнага руху. 14 вадзіцеляў перавысілі ўстаноўленую хуткасць руху, 13 не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, 5 селі за руль без правоў, 5 не прапусцілі пешаходаў праз “зебру”. Правілы дарожнага руху парушылі 15 пешаходаў (у тым ліку двое з іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення).
Крадзеж
Калі на дачу ў Обаль прыехалі гаспадары з Віцебска, то ўбачылі разбітае шкло на вокнах – праз іх злодзеі трапілі ў пакой. Прапала некалькі метраў двухжыльнага проваду, чатыры літры бензіну ў каністры, тры пражэктары, асабістыя рэчы гаспадара. Узбуджана крымінальная справы. Злачынцу, які пакуль не знойдзены, пагражае пазбаўленне волі да чатырох гадоў.
Няўважлівасць
Жыхарка райцэнтра пацярпела з-за сваёй няўважлівасці. Калі яна прыйшла ў “Еўраопт”, то паставіла сумку, у якой знаходзіліся тэлефон і алмазная мазаіка, у ячэйку для захоўвання. А замкнуць на ключ забылася. Пакуль хадзіла па магазіне і выбірала тавар, сумку нехта прыбраў да рук. Пацярпелая звярнулася ў міліцыю з просьбай знайсці яе рэчы. Праводзіцца праверка.
Лодка
У вёсцы Андрэева абрабавалі аўтамабіль. Дакладней кажучы, яго прычэп – укралі лодку, два вяслы да яе, некалькі вудзільняў і помпу. Узбуджана крымінальная справа. Злачынцы вышукваюцца.
“Допінг”
З 17 па 21 лістапада ў раёне праводзілася спецыяльная праграма “Допінг”, накіраваная на папярэджанне, выяўленне і раскрыццё злачынстваў, звязаных з паступленнем у незаконны абарот лекавых сродкаў, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы. Супрацоўнікі РАУС праверылі памяшканне цэнтральнай аптэкі, дзе захоўваюцца наркатычныя сродкі, і рэцэпты, па якіх яны адпускаюцца. Парушэнняў не выяўлена.
Экстрэмізм
Узбуджана крымінальная справа супраць жыхаркі Мінска, якая знаходзіцца ў вышуку супрацоўнікамі РАУС. Яшчэ ў 2022 годзе яна прадаставіла інтэрв’ю пад назвай “Не для таго пералазіла плот, каб пакутваць” каналу “Радыё Свабоды”. А ён згодна з рашэннем МУС Рэспублікі Беларусь (№ 21 ЭК ад 21.12. 2021 г.) прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем.
Пагражае абмежаванне волі да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў са штрафам ці без штрафу.
Гэта ж жанчына ў перыяд з 4 ліпеня 2023 года па 7 лістапада 2024 года дала інтэрв’ю каналу “Еўрарадыё”, які таксама адносіцца да экстрэмісцкага фарміравання. Узбуджана яшчэ адна крымінальная справа.
Людміла ЗУЙКОВА.

