Першы снегапад не заспеў знянацку
Снегапад, які накрыў наш раён вечарам 23 лістапада і працягваўся ўсю ноч, заклікаў дарожныя і камунальныя службы да актыўнай кругласутачнай работы. Трэба не толькі вызваліць дарогі і тратуары ад снегу, а таксама падсыпаць іх супрацьгалалёднымі матэрыяламі.
8 адзінак тэхнікі працуюць на дарогах мясцовага значэння, расказаў галоўны інжынер ДРБУ-204 Аляксандр Фурсін.
Па розных накірунках раз’ехаліся чатыры МТЗ з лапатамі і грэйдар, тры МАЗы чысцяць і падсыпаюць дарогі пясчана-саляной сумессю. Работы арганізаваны ў дзве змены. У першую чаргу расчышчаюцца цэнтральныя дарогі, дзе курсіруюць рэйсавыя аўтобусы. Учора пачалі чысціць і ў маленькіх вёсках, напрыклад, Ільінцах, Баёўцы, Каравайніцы. Работы працягваюцца, сёння-заўтра даедуць да кожнага населенага пункта.
Механізатараў лінейнай дыстанцыі № 364 РУП “Віцебскаўтадар” ДЭУ-36 лістападаўскі снег не заспеў знянацку. Былі да яго гатовыя, і ў ноч з 23 на 24 лістапада пачалі расчыстку дарог рэспубліканскага значэння Р-20 і Р-114 у межах раёна на трактарах з лапатамі.
«Працуем напружана, – расказаў начальнік лінейнай дыстанцыі Віктар Прыходзька. – У нас два МАЗы з лапатамі і раскідвальнікамі пяску, тры трактары з лапатамі. Пайшоў малы снегапад – вядзём прафілактычную падсыпку, пайшоў мацнейшы – задзейнічана ўся тэхніка. Да абеда 24 лістапада нашы работнікі паспелі прачысціць і падсыпаць участкі дарог па два разы. А гэта 46 км на Р-20 і 32 км на Р-114».
Актыўна ўключыліся ў справу і работнікі УП ЖКГ. Шумілінцы, якія ішлі ўчора раніцай на работу, заўважылі, што большасць тратуараў і вуліц былі ўжо расчышчаны, работы працягваліся на аддаленых і гравійных. Як расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Максім Русецкі, працаваць пачалі ў тры гадзіны ночы. Задзейнічаны МАЗ з раскідвальнікам пяску, аўтагрэйдар, франтальны пагрузчык, пяць трактароў з лапатамі.
За тры-чатыры гадзіны гэтай тэхнікай чысціцца Шуміліна, паралельна працуе брыгада па добраўпарадкаванні – уручную прачышчаюць выхады на праезную частку ад пешаходных пераходаў. У кожным падраздзяленні УП ЖКГ ёсць тэхніка для ачысткі, якая таксама ўключылася ў работу.
Далучыліся да снежных работ і прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна – раніцай у панядзелак многіх можна было пабачыць каля сваіх адміністрацыйных будынкаў з рыдлёўкамі ў руках.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


