Сын избивал мать. Дело возбудил прокурор

Происшествия

Чакала ад сына падтрымкі, а атрымала пабоі і здзекі

 «Кацярына ўсё жыццё засцерагала і ахоўвала сына, – расказвае падрабязнасці крымінальнай справы старшы следчы Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аксана Аглушэвіч. – Як кажуць суседзі, са школы пылінкі здзімала. Маці цвёрда верыла і спадзявалася, што Аляксей стане для яе ў старасці надзейнай апорай і падтрымкай».

З гадамі ў сям’ю ўсё больш трывала пачаў «уваходзіць» алкаголь. І чым далей, тым больш: сын, як вып’е, станавіўся з кожным разам усё больш агрэсіўным.

Гэты год «пабіў» усе рэкорды. 66-гадовую Кацярыну шэсць разоў прыцягвалі да адказнасці за лжывыя паведамленні. «Усе разы жанчына тэлефанавала ў міліцыю ў стане алкагольнага ап’янення, – працягвае старшы следчы. – I кожны раз, калі прыязджалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, яна гаварыла, што нікуды не званіла. Не спыняла яе ад такіх учынкаў і адміністрацыйная адказнасць. Дарэчы, за адзін з выклікаў яна атрымала штраф 800 рублёў».

А што з сынам? Аляксей нарэшце ўладкаваўся на работу. З кожнай зарплаты адразу трэба было выпіць. А пасля – маці «выхоўваць» … кулакамі. Адзін раз ударыў кулаком, другі – нагой, трэці – нанёс некалькі ўдараў нагамі і рукамі… Маці ад п’янага сына ратавалася з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі, але пісаць заяву на «любімае чада» катэгарычна адмаўлялася. У канцы мінулага месяца сын у чарговы раз пабіў маці. А яна – зноў гарой за свайго сына.

Скарыстаўшыся сваімі паўнамоцтвамі, пракурор раёна ўзбудзіў у адносінах да Аляксея крымінальную справу за наўмыснае нанясенне маці лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Крымінальную справу прынялі да работы следчыя райаддзела. Зараз праводзяцца неабходныя працэсуальныя дзеянні, высвятляюцца прычыны і абставіны таго, што здарылася, з Аляксея ўзята абавязацельства яўкі. Згодна з заканадаўствам, мужчына можа быць пакараны арыштам.

Аляксандр ШЭДЗЬКО

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *