“Проста працуюць, як трэба”
“Напішыце ў раёнцы пра нашых медыкаў з Мікіціхінскай амбулаторыі – Чапліну Аліну Вячаславаўну і Шумілу Аляксандра Міхайлавіча. Вельмі ўважлівыя, кампетэнтныя і добрыя спецыялісты”, – з такой просьбай патэлефанавалі ў рэдакцыю жыхары з аграгарадка Мікіціха.
Загадчык амбулаторыі ўрач агульнай практыкі Аліна Чапліна, як і памочнік ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Аляксандр Шуміла, мясцовыя. Аляксандр – з Мікіціхі, Аліна – з Шуміліна. Для абодвух выбар прафесіі быў асэнсаваны, вучыцца паступілі па мэтавых накіраваннях ад Шумілінскай ЦРБ, таму першапачаткова ведалі, што працаваць прыйдуць у родны раён. Аляксандр працуе з 2023 года пасля заканчэння Полацкага медыцынскага каледжа, Аліна скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2024 годзе.
– Я праходзіла практыку ў Мікіцісе, і мне адразу сказалі, што працаваць хутчэй за ўсё буду тут, – расказала Аліна Чапліна. – Таму прыйшла на сваё першае працоўнае месца ўжо як добрая знаёмая: ведала і ўмовы, і калег па амбулаторыі, і большасць пацыентаў.
– Вельмі хацеў працаваць на “хуткай дапамозе”, але тут таксама даволі разнастайная практыка, – адзначыў Аляксандр Шуміла. – Выпадкі бываюць самыя розныя, прыходзіцца і дыягназы ставіць, і лекі выпісваць. Участак у нас вялікі і шматлюдны. Акрамя Мікіціхі, працую на Добрынскім ФАПе, па выкліках бываю ў Пабедзе, іншых авакольных вёсках.
– А ці былі крытычныя выпадкі, калі прыходзілася літаральна ратаваць жыццё пацыента?
– Вострых сітуацый пакуль не было. Але аднойчы дзяжурыла ў суботу адна, прыйшла жанчына, у якой дыягнаставала зрыў сардэчнага рытму. Прыйшлося самастойна аператыўна рабіць раствор і ставіць кропельніцу, а пасля падтрымліваць да прыезду “хуткай”, – расказала Аліна.
– Так, былі выпадкі, калі выяўляў пацыента ў перадінфарктным ці перадінсультным стане, калі трэба аператыўна зняць прыступ і выклікаць “хуткую дапамогу” для шпіталізацыі ў стацыянар, – дадаў Аляксандр.
На пытанне “Як сустрэлі ў калектыве?» абодва маладыя спецыялісты дружна адказалі: «Добра. Мы ведаем, што заўжды можам звярнуцца да кіраўніцтва бальніцы, старэйшага калегі – тэрапеўта ці вузкага спецыяліста і атрымаць кансультацыю, параду, правесці дадатковае абследаванне.
– Ці задавальняюць узровень зарплаты, умовы працы і пражывання?
– Зараз мяне перавялі ў Шуміліна ў паліклініку ўчастковым урачом агульнай практыкі, у Мікіціху прыязджаю два разы на тыдзень. Зарплату лічу годнай. Ёсць магчымасць дадатковых заробкаў – я не адмаўляюся ад дзяжурстваў і замен. Сёлета вырашылася пытанне і з жыллём – атрымала арэндную кватэру ў новым доме ў райцэнтры.
– Я жыву з бацькамі, у Мікіцісе складана са свабодным жыллём. Узровень заробку задавальняе.
– Як вы думаеце, чым вы заслужілі такую пашану землякоў, сваіх пацыентаў, што яны звярнуліся ў газету з падзякай у ваш адрас?
– Гэта было вельмі нечакана і прыемна. У Мікіцісе і наогул у сельскай мясцовасці людзі вельмі добрыя, з вялікай павагай адносяцца да спецыялістаў, да тых, хто ім дапамагае. Я прыкіпела да гэтага аграгарадка як да месца сваёй першай работы, месца, дзе нараджалася як урач-практык, – адказала Аліна Чапліна.
– Проста працую, як трэба, стараюся ўважліва ставіцца да людзей, да ўсіх пацыентаў. Многаму навучыўся ад вопытнага ўрача Мікалая Паўлавіча Серабро, які тут працаваў. Мы тут адзіны калектыў: і ўрач, і памочнік урача, і медсястра Таццяна Скрыпкіна, і зубны фельчар Людміла Бараўкова. Напэўна, гэта агульная ацэнка работы ўсёй амбулаторыі, – падсумаваў Аляксандр Шуміла.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

