Группе по гражданству и миграции Шумилинского РОВД — 105 лет

Главное Закон Общество

Жаночае трыа з пашпартнай місіяй

Дар’я Кудлаёва, Таццяна Рахцеева і Любоў Данчанка

17 снежня спаўняецца 105 гадоў з дня ўтварэння групы па грамадзянстве і міграцыі Шумілінскага РАУС.

Гэта не проста прыгожая дата ў календары, а цэлае стагоддзе з лішкам службы на карысць людзей. За гэты перыяд адбылося шмат змен. Абнаўляліся кадры, умовы службы, месца знаходжання, спектр паслуг, але «пашпартны стол» для насельніцтва заўсёды быў і застаецца важным механізмам у жыццезабеспячэнні. Сёння гэтую структуру ў Шуміліне прадстаўляе жаночае трыа. Самі яны называюць сябе зладжанай камандай, бо працуюць пад дэвізам: «Ні кроку назад, ні кроку на месцы! Толькі наперад і толькі ўсе разам!». Многія нашы чытачы знаёмыя з гэтымі супрацоўніцамі, аднак ведаюць далёка не ўсе факты і сакрэты пра іх і спецыфіку работы. Напярэдадні юбілейнай даты карэспандэнту «Герой працы» пашанцавала даведацца пра іх з першых вуснаў.

Старшым інспектарам групы па грамадзянстве і міграцыі з’яўляецца 24-гадовая Дар’я Кудлаёва. Маючы за плячыма вопыт работы сакратаром суда Чыгуначнага раёна Віцебска і спецыялістам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Шумілінскага РАУС, дзяўчына ўпэўнена пагадзілася на прапанову аб атэстацыі і перападрыхтоўцы. Так Дар’я ажыццявіла сваю мару і, апрануўшы доўгачаканую форму з пагонамі, прыступіла да сваіх абавязкаў на новай пасадзе ў маі 2024 года. Вялікай узнагародай за сваю працу старшы інспектар лічыць добрыя водгукі беларусаў і, вядома, замежных грамадзян.

Для Любові Данчанка, вядучага спецыяліста па рэгістры насельніцтва, а раней інспектара па пашпартнай рабоце, галоўнае ў любімай прафесіі – мець магчымасць удасканальвацца і вучыцца новаму. Сумленнасць і прыстойнасць, увага да дэталяў, моцныя лідарскія і камунікатыўныя навыкі, здольнасць хутка вырашаць праблемы – мікс якасцяў, якія, на думку спецыяліста, уласцівыя супрацоўнікам іх структуры.

Таццяна Рахцеева, інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі, стала часткай калектыву адносна нядаўна. Прыняць заяву на замену пашпарта, выдаць дакумент, аформіць рэгістрацыю – маленькая частка яе абавязкаў. Пастаянная работа з людзьмі і дакументамі дыктуе быць стрэсаўстойлівым і ўважлівым чалавекам.

«Спланаваць свой працоўны дзень немагчыма, таму што кожны раз ён пачынаецца па-новаму. Помню, як на Масленіцу, калі, здавалася, што ўсе людзі ўдзельнічалі ў гуляннях, я ішла на работу з думкамі, што ў свята нікога не будзе. Але, як аказалася, добра, што працоўны час па суботах у нас толькі да 13.00. Той дзень я памятаю, як цяпер. Да абеда я прыняла 30 чалавек», – падзялілася Таццяна.

У гэтую знамянальную дату для падраздзялення нельга не ўспомніць і тых, хто ўнёс годны ўклад і пакінуў свой прафесійны след у архівах, дакументах і летапісе групы па грамадзянстве і міграцыі Шумілінскага раёна: Дзмітрыя Галузу, Аляксандра Паграбняка, Людмілу Кісаву, Марыю Карпенка, Марыю Каралёву, Алену Сачнёву, Уладзіміра Ушала, Алену Пракоф’еву.

«У наш раён на пастаяннае і часовае месца жыхарства ўсё часцей сталі прыязджаць ураджэнцы іншых краін. Мы заўсёды стараемся ісці людзям насустрач, каб у іх склалася прыемнае ўражанне пра наша падраздзяленне і краіну ў цэлым. Вялікі гонар адчуваю кожны раз, калі замежныя грамадзяне хваляць Беларусь і, пабываўшы тут аднойчы, прыязджаюць зноў», – падзялілася лейтэнант міліцыі Дар’я Кудлаёва.

Дар’я ЧАПУРНОВА.

 

ЦІКАВЫЯ  ФАКТЫ  Ў  ЛІЧБАХ

З пачатку 2025 года спецыялісты групы па грамадзянстве і міграцыі Шумілінскага РАУС выдалі 1353 пашпарты і 143 біяметрычныя дакументы.

Самаму маленькаму ўладальніку пашпарта быў 1 месяц, самаму даросламу – 90 гадоў (замену пашпарта сталая жанчына з актыўным ладам жыцця рабіла для таго, каб выехаць за мяжу).

Літаральна на днях 80-гадовая ўраджэнка Украіны атрымала грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Усяго на тэрыторыі Шумілінскага раёна зараз пражывае 377 замежных грамадзян розных нацыянальнасцей (Расія, Латвія, Малдова, Туркменістан, Украіна, Данія, Індыя і Куба).

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *