Загадкавы свет крыміналістыкі
Як працуюць сучасныя следчыя? Адказ на гэтыя пытанні атрымалі вучні старэйшых класаў шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2 на незвычайнай прафарыентацыйнай сустрэчы, якую арганізавалі работнікі Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта.
Замест сухіх фактаў з падручнікаў – жывы дыялог і дэманстрацыя сапраўдных сучасных інструментаў крыміналістаў. Падлеткам паказалі тое, што звычайна застаецца за кадрам: сучасныя дроны для фіксацыі месца здарэння з вышыні, партатыўную святлавую вежу для работы ўначы ці ў цяжкадаступных месцах, спецабсталяванне для знаходжання і захавання слядоў. Праўда, для гэтага трэба было даставіць на пляцоўку перад СШ № 1 перасоўную крыміналістычную лабараторыю.
Начальнік райаддзела Яўген Іваноў і яго намеснік Кацярына Каяновіч расказалі пра сваю работу, адзначыўшы, што следчы – не проста чалавек у форме, а аналітык, арганізатар і спецыяліст, які павінен ісці ў нагу з часам. Ад яго ведаў і навыкаў часта залежыць лёс чалавека і справядлівасць прысуду.
Старшакласнікам растлумачылі і як стаць следчым.
– Рашэнне стаць следчым павінна быць усвяомленым. Гэта штодзённая адказнасць, гонар і служэнне закону, – падкрэсліў Яўген Іваноў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

