Новы год – у новай кватэры!
Гэтым летам у Шуміліне ў эксплуатацыю быў здадзены пяціпавярховы жылы дом на Угнявёнка, 9, пабудаваны Шумілінскай ПМК‑70 па ўсіх сучасных стандартах за кошт бюджэту ў рамках рэспубліканскай інвестыцыйнай праграмы.
Сёння, калі ўсе ўнутраныя работы поўнасцю завершаны, кватэры напаўняюцца жыццём і сустракаюць сваіх гаспадароў. Напярэдадні Новага года і Калядаў рэдакцыя пабывала ў гасцях у новых жыхароў.
Сапраўды, з парога шматпавярхоўкі ўражваюць пад’езды, абсталяваныя дамафонамі, ліфтамі і маўленчымі інфарматарамі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Кватэры ў арэнду жыхарам былі прадастаўлены з поўным аздабленнем. У прасторных і светлых пакоях на падлозе пакладзены ламінат, сцены паклеены сучаснымі шпалерамі, санвузлы аздоблены пліткай, ёсць уся неабходная сантэхніка. У кожнай кватэры на кухні – новая газавая пліта, на батарэях устаноўлены тэрмарэгулятары.
Ключы ад двухпакаёвай кватэры плошчай у 58 квадратных метраў атрымала Вольга Пляшкова. Дзяўчына мясцовая, скончыла Башнёўскую школу, затым – факультэт сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, цяпер працуе загадчыкам канцылярыі кіраўніцтва справамі райвыканкама. У чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяла нядоўга, з 13 ліпеня 2025 года. А ўжо 29 лістапада Пляшковы – Вольга з Сяргеем, дачкой Міланай, катом Марсікам і ваверчаня Бобам пераехалі ў новую кватэру.
Дзяўчына расказала, што за першы месяц за жыллё разам з камунальнымі паслугамі заплаціла 136 рублёў, чаму вельмі рада.«Сваёй новай кватэрай мы вельмі задаволеныя. Калі шчыра, нават не чакалі, што ўсё будзе так добра зроблена. Калі ўпершыню зайшлі ў кватэру, адразу спадабаліся шпалеры з сучасным дызайнам і колер ламінату. Усё новае, чыстае, наша. Гэта быў, сапраўды, той выпадак, калі «заязжай і жыві», – падзялілася гаспадыня». Сустрэць Новы год у новай кватэры для Вольгі і яе сям’і – лепшая падзея адыходзячага года.
Гэтак жа новае жыццё і працоўную дзейнасць у Шумілінскім раёне з наваселля пачалі 6 маладых спецыялістаў. Ім прадастаўлена арэнднае жыллё на час выканання працоўных адносін. У новым доме на Угнявёнка, 9 жыллё атрымалі і трое супрацоўнікаў Шумілінскага РАУС. У іх згодна з заканадаўствам ёсць унікальнае права, маючы за плячыма 20 гадоў службовага стажу ў органах унутраных спраў, выкупіць кватэру.
А 25-гадовы стаж дазволіць атрымаць яе наогул у падарунак.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

