Уцяпляемся, расчышчаемся

Да зімова-стойлавага перыяду ў сельгасарганізацыях рыхтаваліся загадзя: рамантавалі вароты, сістэмы гноевыдалення, даводзілі да ладу дахі і падлогі, адзначылі спецыялісты райсельгасхарчу. Але такой зімы з гурбамі снегу, завірухамі і марозам не чакалі.
«Спатрэбілася дадатковае ўцяпленне дзвярэй і акон на ўсіх сямі фермах сельгаспрадпрыемстваў, рабілі гэта загадзя, бо сачылі за прагнозамі надвор’я, – расказаў дырэктар КУСГП «Ульскі» Уладзімір Касцюкоў. – Да варот прывезлі некалькі цюкоў саломы – зрабілі так званы цеплаізаляцыйны бар’ер. Гэта дазволіць знізіць цепластраты, а значыць, стварыць большменш камфортны мікраклімат».
Такія ж работы праведзены і на ўсіх фермах сельгаспрадпрыемства СУП «Лаўжанскае», паведаміў яго дырэктар Яўген Дзятлоўскі.
Па словах галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу Наталлі Плюшчыкавай, уцеплены усе 27 фермаў па раёне. Рыхтаваліся да зімы больш сур’ёзна, чым летась: абабівалі вокны не толькі плёнкай, але на некаторых фермах і полікарбанатам, бо для жывёлы страшныя не столькі халады, колькі скразнякі. У цялятніках павялічаны слой падсцілачнай саломы, падчас вялікіх маразоў будуць устанаўліваць інфрачырвоныя лямпы.
Што тычыцца ачысткі снегу каля жывёлагадоўчых аб’ектаў, то да гэтых работ прыступілі адразу пасля снегападаў, у суботу-нядзелю – у кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць трактары з лапатамі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
