Оформил — и голова не болит. Продолжается легализация гаражей без госрегистрации

Закон

Аформіў гараж – і галава не баліць

У раёне працягваецца легалізацыя гаражоў без дзяржаўнай рэгістрацыі. Гэта значыць, законна афармляюцца тыя гаражы, якія калісьці (у большасці выпадкаў яшчэ ў савецкі час) былі пабудаваны без дакументаў.

Гаворка ідзе пра некапітальныя пабудовы без фундамента, якія ўзведзены з дошак ці шыферу каля шматпавярховых дамоў у населеных пунктах раёна (акрамя Шуміліна і Обалі).

«Мы цесна супрацоўнічаем з сельвыканкамамі, – расказала начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ксенія Рэшатава. – Усім даведзены ўмовы легалізацыі гаражоў. Тлумачым, што калі не зрабіць гэта зараз, у будучым незаконная пабудова пойдзе пад знос. Сёння прыняты рашэнні аб прадастаўленні ў часовае карыстанне зямельных участкаў для абслугоўвання 64 індывідуальных гаражоў (у аг. Слабада і в. Сіроціна Сіроцінскага сельсавета, аг. Башні Светласельскага сельсавета, аг. Мікіціха Лаўжанскага сельсавета і в. Прыазёрная Дабейскага сельсавета) тэрмінам на дзесяць гадоў. Памер аплаты за легалізацыю залежыць як ад мясцовасці, так і ад квадратных метраў пабудовы. Напрыклад, у Сіроціне адзін метр квадратны каштуе 1,39 руб., у аг. Слабада – 2,72 руб.».

Самымі актыўнымі па легалізацыі гаражоў сталі жыхары Сіроцінскага сельсавета. «Усяго летась тут аформлены дакументы на 30 гаражоў, ёсць яшчэ трое жадаючых, – падлічыла старшыня сельвыканкама Аксана Шынкевіч. – Мы актыўна праводзім тлумачальную работу з вяскоўцамі. Разам з тым у ходзе работы ўзнікаюць і цяжкасці, бо некаторыя ўладальнікі транспартных сродкаў не зарэгістраваны ў нашых населеных пунктах. Многія ўласнікі мотаблокаў таксама хочуць мець гараж. І з гэтай сітуацыі выходзім – прапануем застрахаваць мотаблок, і тады такі дакумент падыходзіць для легалізацыі. Калі чалавек пажадае легалізаваць капітальную пабудову (з фундаментам), то рашэнне аб прадастаўленні ўчастка прымае Віцебскі абласны выканаўчы камітэт».

Жыхарка аг. Слабада Святлана Матора легалізавала свой гараж каля шматпавярховага дома для захоўвання аўтамабіля і задаволена, на ўсю працэдуру пайшло каля трох тыдняў, за афармленне дакументаў на зямельны ўчастак з гаражом патраціла крыху больш за 80 рублёў.

Актыўна легалізацыя ідзе на тэрыторыі Лаўжанскага сельвыканкама. Як паведаміла старшыня сельвыканкама Юлія Савасцьянава, аформлены дакументы на 13 гаражоў, столькі ж спраў знаходзіцца ў рабоце. Яшчэ 7 грамадзян выказалі жаданне аформіць па законе свае гаражы.

Вяскоўцам, якія толькі думаюць узаконіць пабудовы, хочацца нагадаць алгарытм дзеянняў: трэба звярнуцца ў мясцовы сельвыканкам з пашпартам (павінна быць рэгістрацыя ў шматпавярховым доме) і тэхпашпартам на транспартны сродак, фотаздымкам гаража, схемай яго размяшчэння і памерамі.

Легалізацыя гаражоў прадоўжыцца да 1 студзеня 2028 года. Калі да гэтага часу пабудовы не будуць легалізаваны, гаспадарам будзе выстаўлены рахунак на іх знос, падкрэслілі ў аддзеле землеўпарадкавання.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *