Насенне просіць паўторнай ачысткі

У сельгасарганізацыях раёна пачышчаны ўсе 735 тон насення зерневых, якія пойдуць на вясеннюю сяўбу‑2026.
Работнікі раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін праверылі насенне. Вынікі не вельмі парадавалі – поўнасцю зерне кандыцыйнае толькі ў СУП «Лаўжанскае», СФГ «Раднік» і ТАА «Віцебскае насенне траў».
«Галоўнае пры падрыхтоўцы насення да сяўбы – правільна настроіць зернеачышчальны агрэгат “Петкус”, – расказала загадчыца склада СУП «Лаўжанскае» Таццяна Купрыянава. – У гэтым плане работнікі мехтака малайцы: сіта настроілі па патрэбных стандартах – паветрам адсейваліся не толькі пыл, але і дробныя зярняты. Не варта скідваць з рахункаў і заслугу
механізатараў перад уборкай насенных участкаў – камбайны і прычэпы для перавозкі былі добра вычышчаны». Усё ў комплексе і паўплывала на добры вынік падчас падрыхтоўкі насення да сяўбы.
«Толькі 351 тона адпавядае патрабаванням па чысціні і ўсходжасці, – расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу Раман Прасветаў. – Палова насення кандыцыйнае ў КУСГП «Ульскі». У астатніх гаспадарках трэба паўторна ачышчаць».
Усяго вясной у сельгасарганізацыях раёна плануюць засеяць 3199 гектараў
зерневых і зернебабовых. Спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама крытыкавалі няякасную падрыхтоўку насення да веснавой сяўбы, рэкамендавалі ў бліжэйшы час фарсіраваць работы. Многія сельгасарганізацыі самастойна праводзяць ачыстку ў другі ці трэці разы. У ААТ «АграБаравінка» выходзяць з сітуацыі па-іншаму. Як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Мурашка, яны не маюць свайго «Петкуса», а на зернесушыльным комплексе якасна ачысціць насенне не атрымалася, таму звярнуліся за дапамогай у СУП «Лаўжанскае».
Людміла ЗУЙКОВА.
