«В работе с обращениями — работать на опережение». С заседания районного исполнительного комитета

В области Главное Общество

«У рабоце са зваротамі –  працаваць на апярэджанне»

Якія пытанні жыхары рэгіёна адрасавалі прадстаўнікам улады ў 2025 годзе, наколькі своечасова і ўсебакова яны вырашаліся, як у раёне пабудавана работа са зваротамі грамадзян і як яе можна ўдасканаліць, – пра гэта ішла размова 23 студзеня на першым у гэтым годзе пасяджэнні райвыканкама, якое правёў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч.

Падрабязны аналіз работы са зваротамі грамадзян прадставіла загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Вольга Баранава.

Рост зваротаў да раённых улад

Дакладчык канстатавала, што за 2025 год у райвыканкам паступіў 201 зварот, што склала 123% да аналагічнага перыяду 2024 года (+38 зваротаў). Нашы жыхары па-ранейшаму звароты афармляюць у пісьмовым выглядзе (64% усіх зваротаў), вусныя склалі 16%, электронныя – 20%. Павялічылася колькасць калектыўных зваротаў (18, +7). Паступіла 21 скарга (у 2024-17), 6 з іх прызнаны абгрунтаванымі.

Непасрэдна ў райвыканкам паступіла 110 зваротаў (+43 да ўзроўню 2024 года). Па выніках разгляду 44 (40%) задаволены, па 36 дадзены тлумачэнні, 7 накіраваны для разгляду па кампетэнцыі, адзін прыняты да ведама (падзяка), два адазваны заяўнікамі, 8 – знаходзяцца на кантролі, 3 не разглядаліся і г. д.

У мінулым годзе назіраўся рост і колькасці зваротаў – з 14 да 20 – з вышэйстаячых інстанцый, заўважыла Вольга Аляксандраўна. Усе звароты разгледжаны.

У топе зваротаў – пытанні ЖКГ

Дакладчык, аналізуючы змест зваротаў да раённых улад, адзначыла, што найбольшы рост адзначаецца па накірунку «жыллёва-камунальная гаспадарка» – на 131%, амаль у 2,5 раза. Па-ранейшаму актуальнымі для жыхароў застаюцца пытанні ўтрымання дарог, выдалення дрэў на могілках і ўтрымання пад’ездаў да іх, падтаплення зямельных участкаў, водаадвядзення, захавання жыллёвага заканадаўства, утрымання жылфонду. Адметна, што летась у параўнанні з 2024 годам не паступала зваротаў па пытаннях сацыяльнага, пенсійнага забеспячэння, працоўнага заканадаўства.

У рабоце са зваротамі грамадзян мясцовыя ўлады выкарыстоўваюць самыя разнастайныя формы. У прыватнасці, можна запісацца на асабісты прыём, патэлефанаваць на «прамую лінію», пакінуць электронны або пісьмовы зварот. Незалежна ад спосабу сувязі з уладамі ніводны са зваротаў не застаецца па-за ўвагай. Летась на 52 “прамыя лініі” паступіў 61 зварот (+8 да 2024 г.). 39 зваротаў задаволена, па 14 дадзены тлумачэнні, на кантролі застаюцца 4 пытанні.

У мінулым годзе ў райвыканкам накіраваны 43 даручэнні па разглядзе зваротаў, якія тычацца Шумілінскага раёна (+6). Пераважная большасць (41) паступіла з аблвыканкама.

Назіраецца тэндэнцыя змяншэння колькасці зваротаў у сельскія выканаўчыя камітэты (88 зваротаў, 69%), з якіх вусныя звароты складаюць 75%, пісьмовыя – 24%, электронныя – 1%. Ніводнага звароту не паступіла ў Дабейскі сельвыканкам.

Адзіны нумар 115: колькасць заявак паменшала

Вольга Баранава падрабязна расказала пра рэагаванне службаў на заяўкі  грамадзян, якія паступаюць на адзіны нумар 115. Так, летась ад жыхароў раёна паступіла 7487 заявак, што на 10,4% менш ўзроўню 2024 года. Найбольшая колькасць заявак паступіла ў адрас УП ЖКГ Шумілінскага раёна (71%), філіял «Полацк водаканал» (17%), Шумілінскі РЭС (8%). Нявыкананых заявак на сённяшні дзень няма.

У ходзе абмеркавання пытання былі заслуханы справаздачы і тлумачэнні па вырашэнні ўзнятых жыхарамі раёна пытанняў кіраўнікоў райсельгасхарчу, УП ЖКГ, Шумілінскага лясгаса, аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і інш.

Падводзячы вынікі размовы, кіраўнік раёна Мікалай Будневіч звярнуў увагу ўсіх прысутных на ўніклівым стаўленні да кожнага зварота грамадзян.

«У першую чаргу варта будаваць работу на апярэджанне і недапушчэнне сітуацый, калі грамадзянін вымушаны звяртацца ў вышэйстаячыя інстанцыі, скардзіцца», – падкрэсліў Мікалай Аляксеевіч. Службы павінны вельмі выразна і зладжана працаваць у гэтым накірунку, дадаў кіраўнік раёна, даваць аб’ектыўныя адказы альбо глыбока разбірацца ў праблеме і прымаць неабходныя рашэнні, каб вырашыць сітуацыю, з якой чалавек звярнуўся. Людзей трэба чуць і належным чынам рэагаваць на пытанні, якія іх хвалююць. Такую задачу перад уладай ставіць і Прэзідэнт.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *