Жывыя рукі для будоўлі

Мігранты дапамагаюць Шумілінскай ПМК-70 рашаць кадравыя праблемы
СКАЗАНА
Як і ва ўсім свеце, акрамя, магчыма, некаторых краін Азіі і Афрыкі, у нас дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Дзякуй Богу, яшчэ не катастрафічны. Але мы не павінны да катастрофы даводзіць. Таму прынята рашэнне аб прыцягненні працоўных рэсурсаў, перш за ўсё з былых рэспублік Савецкага Саюза… Мы нікога не абмяжоўваем. Наймайце, заключайце з імі дагавор, працуйце. Парушылі дагавор – імгненна інфармацыю ў міліцыю. Яны даводзяць да цэнтра, мы іх адсюль дэпартуем. Яны неадкладна будуць выселены з Беларусі. Але тыя, хто прыехаў да нас працаваць (зарабіць, таму што там цяжка, адкуль яны прыехалі), з дзеткамі, мы павінны да іх паставіцца як да сваіх, беларусаў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, 22 мая 2025 г.
– Наша прадпрыемства ў апошні час сутыкнулася з праблемай недахопу працоўных рэсурсаў, – пачаў размову дырэктар Шумілінскай ПМК‑70 Аляксей Крыўко. – Няглядзячы на добры заробак, мала жадаючых працаўладкоўвацца да нас. Таму і было прынята рашэнне запрасіць працоўных мігрантаў па спецыяльнасцях «бетоншчык», «муляр», «тынкоўшчык» і «маляр» з Туркменістана, Індыі, Пакістана. Вакансіі былі размешчаны на партале Службы занятасці (https://gsz.gov.by), пачалі цесна супрацоўнічаць з ТАА «Кадравая садружнасць». У выніку былі заключаны дагаворы на прыезд у Шуміліна 15 працоўных мігрантаў з Туркменістана і 5 з Індыі.
У канцы мінулага года трое грамадзянін Туркменістана, якія раней працавалі ў аграгарадку Каханавічы Верхнядзвінскага раёна, папрасіліся на работу ў ПМК-70. Мігрантаў рассялілі ў мэбляваных пакоях інтэрната, аснашчаных неабходнымі электрапрыладамі, забяспечылі пасцельнай бялізнай, працоўным адзеннем.
– Працоўныя мігранты задзейнічаны на ўсіх нашых аб’ектах, – дадае галоўны інжынер ПМК-70 Раман Карасёў. – Аб’ядноўваем іх у групах, так, напрыклад, грамадзяне Індыі працуюць бетоншчыкамі на будаўніцтве жывёлагадоўчага аб’екта ў Полацкім раёне. У брыгадзе аддзелачнікаў Мікалая Карпушкі на капітальным рамонце шматкватэрнага дома ў Шуміліне па вуліцы Юбілейнай – пяць грамадзян Туркменістана, у брыгадзе аддзелачнікаў Аляксандра Шабулдаева – адзін.
«Пастаўленыя задачы выконваюць, стараюцца, – заўважыў брыгадзір Мікалай Карпушка. – Моўны бар’ер крыху існуе, але ён не з’яўляецца перашкодай для эфектыўнай работы».
Бабамырат Халыеў і Мерген Дылмурадаў расказалі, што ўмовы працы нармальныя, ніякіх пытанняў не ўзнікае. Гутарка была даволі кароткая, бо мужчыны заявілі, што «трэба працаваць».
– З’явіліся новыя працоўныя рукі, – падсумаваў Аляксей Крыўко. – А значыць, і аб’ёмы вытворчасці можна павялічваць. Практыку запрашэння працоўных рэсурсаў з-за мяжы будзем працягваць. Так, у бліжэйшы час да нас прыедуць 5 бетоншчыкаў з Індыі, 10 муляраў і 2 бетоншчыкі з Пакістана.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
