Доска почёта Шумилинского района. Светлана Черткова: Музыка — дело всей моей жизни

Главное Культура Общество

«Музыка – справа ўсяго майго жыцця»

Светлана Черткова с внуком Михаилом.

Святлану ЧАРТКОВУ ў Шуміліне ведае не адно пакаленне жыхароў. Бо ўжо больш за 40 гадоў таленавіты педагог Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў вучыць усіх жадаючых іграць на баяне. З іх 30 гадоў Святлана Барысаўна з’яўляецца яшчэ і кіраўніком узорнага баяннага аркестра. У 2025 годзе Святлана Чарткова заняла заслужанае месца  на раённай Дошцы гонару.

Святлана Чарткова (у дзявоцтве – Раманава) нарадзілася ў простай сям’і. Аднак бацькі заўсёды падтрымлівалі захапленні сваіх траіх дзяцей і ніколі не шкадавалі грошай на развіццё іх творчых здольнасцей. Таму розныя віды баянаў былі неаднаразовай сямейнай пакупкай. Любоў да гэтага інструмента з ранняга ўзросту дзецям прывіў бацька. Барыс Аўдзеевіч быў самавучкай у музычнай справе, але іграў выдатна. Мелодыі, найграныя на баяне, у доме Раманавых гучалі часта. Святлана, паступіўшы ў музычную школу, з часам пераўзышла свайго настаўніка. Галава сям’і быў рады, што дачка прафесійна пры першай магчымасці іграла для яго яго любімы «Ваенны вальс».

Важным чалавекам у жыцці Святланы стаў яе першы настаўнік Анатоль Міхееў. Менавіта ён разгледзеў у дзяўчынцы талент і асаблівую тэхнічнасць у ігры на баяне. А пазней Анатоль Васільевіч пераканаў бацькоў сваёй вучаніцы ў тым, што музыка павінна стаць яе прафесіяй. Усе падтрымалі гэты выбар. Так Святлана Барысаўна скончыла на той час Віцебскае музычнае вучылішча і вярнулася па размеркаванні ў жніўні 1985 года ў родную школу ў якасці педагога па класе баян. Калектыў з задавальненнем прыняў маладога спецыяліста ў свае рады. Старэйшыя калегі падтрымлівалі і дапамагалі былой вучаніцы парадамі ў пачатку яе педагагічнай дзейнасці.

«Сёння, як і 40 гадоў таму, калі я заходжу ў клас і бачу зацікаўленыя вочы сваіх вучняў, сэрца радуецца. А, калі складана вывучаны сыграны фрагмент у нас ператвараецца ў прыгожую мелодыю, я разумею, што не памылілася ў выбары прафесіі. Бо музыка стала для мяне справай усяго жыцця», – падзялілася Святлана Барысаўна.

Настаўнік таксама расказала «Герой працы» свае маленькія сакрэты ў рабоце: «Заняткі па музыцы праходзяць «тэт-а-тэт», і гэта дазваляе пабудаваць глыбокія даверлівыя адносіны з вучнем і раскрыць яго ўнікальнасць і індывідуальнасць. Мая мэта – выхаваць не толькі музыканта, але і духоўна багатага чалавека, дапамагчы сфарміраваць такія якасці, як дысцыпліна, цярпенне, працавітасць, уменне ставіць мэты і дасягаць іх».

Акрамя насычанай педагагічнай дзейнасці Святлана Чарткова цэніць у сваёй рабоце магчымасць развівацца самой, удасканальваць здольнасці, пацвярджаць свой прафесіяналізм. У яе архіве безліч узнагарод у розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Асабліва дарагімі і значнымі з’яўляюцца неаднаразовыя перамогі ў абласным конкурсе аркестраў народных інструментаў «Спяваем з аркестрам». А знакамітае трыа пастаянна практыкуючага музыканта Святланы Чартковай ужо 25 гадоў у цеснай звязцы з калегамі Ганнай Багданавай і Віктарам Скорынавым служыць музычным упрыгажэннем любога раённага свята.

Шумілінская дзіцячая школа мастацтваў для С. Б. Чартковай – не проста адзінае і любімае месца працы, а другі дом. «Тут знаёмы кожны куток, кожны пах інструмента. Гэта месца, дзе перажы валіся радасці, нягоды і трыумфы. Калегі сталі блізкімі людзьмі, а некалькі пакаленняў вучняў – вялікай творчай сям’ёй», – падзялілася музыкант.

Па слядах маці пайшла малодшая дачка Вераніка. У дзяцінстве яна часта прыходзіла да мамы на работу і кожны раз атрымлівала асалоду ад працэса навучання. Святлана Барысаўна прызналася, што і сёння помніць тое прыемнае здзіўленне, калі аднойчы ёй далі прачытаць сачыненне дачкі. Там Вераніка апісвала свае пачуцці і эмоцыі, якія яна адчувае ад жывога гучання музычных інструментаў. Тады мама-настаўнік зразумела, што музыка – гэта не толькі яе прызванне.

Сёння іграць на баяне Святлана Барысаўна вучыць 8 дзяцей. Сярод іх – яе ўнук, другакласнік Міхаіл. Вопытам пяціразовая бабуля дзеліцца і са старэйшым унукам Дзянісам ад старэйшай дачкі Ірыны, які ў Віцебску гэтак жа вучыцца ў музычнай школе па класе, вядома ж, баяна.

Вольны час настаўнік Шумілінскай ДШМ Святлана Чарткова любіць прысвячаць сваім блізкім. Час у яе графіку ёсць для вязання і догляду за любімымі раслінамі. Але ўсё ж самае глыбокае задавальненне жанчыне прыносіць яе вялікасць музыка.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *