Как закрепить положительную динамику в работе по профилактике правонарушений среди несовершеннолетних обсуждали за заседании районной КДН

Власть Закон Общество

Прафілактыка, якая працуе

Вынікі работы па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх, а таксама злачынстваў супраць іх падвялі на пасяджэнні камісіі па спрвах непаўналетніх райвыканкама.

У пасяджэнні брала ўдзел намеснік пракурора Шумілінскага раёна Лізавета Асіпенка, былі запрошаны кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі суб’ектаў прафілактыкі.

Старшыня камісіі па справах непаўналетніх намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава адзначыла важнасць работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі на агульныя мэты – папярэджанне правапарушэнняў непаўналетнімі, работу з сем’ямі і бацькамі, а таксама на абарону правоў дзяцей і падлеткаў.

Намеснік старшыні камісіі Юлія Уласевіч зрабіла падрабязны аналіз прычын і ўмоў, якія спрыяюць безнагляднасці і здзяй сненню правапарушэнняў непаўналетнімі, парушэнню іх правоў і законных інтарэсаў. Міжведамасная работа па прафілактыцы правапарушэнняў, безнагляднасці, сямейнага недабрабыту і сацыяльнага сіроцтва вядзецца згодна з заканадаўствам і нарматыўнымі дакументамі. У полі зроку знаходзяцца 2674 дзіцяці, якія жывуць у раёне.

“У рэгіёне наладжана сістэма па арганізацыі работы з непаўналетнімі, якія здзейснілі крымінальныя злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэнні”, – адзначыла дакладчык. Статыстыка сведчыць, што па многіх напрамках у 2025 годзе назіралася станоўчая дынаміка ў параўнанні з 2024 годам. Разам з тым ёсць і праблемныя пытанні. Так, летась зарэгістраваны 4 злачынствы (вымаганне), здзейсненыя адным непаўналетнім (у 2024 годзе не было). У адносінах да дваіх падлеткаў вынесена пастанова ў адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па прычыне недасягнення пэўнага ўзросту.

Што тычыцца адміністрацыйных правапарушэнняў, за 2025 год здзейснена 12 правапарушэнняў 10 непаўналетнімі (2024 г. – 21/18), у тым ліку 5 правапарушэнняў 4 непаўналетнімі, якія вучацца ва ўстановах адукацыі раёна, 7 правапарушэнняў – 6 падлеткамі, якія вучацца ў сістэме прафтэхадукацыі ці не працуюць і не вучацца. Значная частка правапарушэнняў здзейснена з-за таго, што бацькамі ці асобамі, якія іх замяняюць, не выконваліся абавязкі па выхаванні дзяцей. Каб зменшыць колькасць такіх фактаў, суб’екты прафілактыкі прынялі дадатковыя меры па тлумачэнні законным прадстаўнікам адказнасці за здзяйсненне правапарушэнняў, звязаных з невыкананнем абавязкаў па выхаванні дзяцей. Прынятыя меры прынеслі пэўны плён – колькасць парушэнняў заканадаўства зменшылася.

Назіраўся рост супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з дробнымі крадзяжамі, з 1 у 2024 да 7 у 2025 годзе. Актуальнай застаецца праблема ўжывання непаўналетнім алкагольных напіткаў. Павялічылася колькасць выяўленых асоб, якія ўцягвалі непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны. Актуальнай з’яўляецца і праблема дзіцячага хуліганства.

На зніжэнне правапарушэнняў паўплывала індывідуальная прафілактычная работа (у адносінах да 17 чалавек), якая праводзілася ва ўстановах адукацыі. Юлія Уласевіч адзначыла работу Мішневіцкай і Башнеўскай базавых школ, Мікіціхінскай і Кардонскай сярэдніх школ, дзе на працягу двух гадоў адсутнічаюць факты правапарушэнняў.

Сярод метадаў і форм прафілактычнай работы дакладчык назвала арганізацыю занятасці падлеткаў у пазаўрочны і канікулярны час, у тым ліку працаўладкаванне на прадпрыемствы і арганізацыі раёна, заняткі спортам і іншай карыснай дзейнасцю, прававую і медыцынскую асвету.

Работа з бацькамі па павышэнні прававой культуры праводзіцца разам з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, урачамі-псіхіятрамі-нарколагамі, псіхолагамі, прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. З мая 2025 года рэгулярна выкарыстоўваецца новая форма работы – “Бацькоўскія НЯсходы”.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на злачынствы супраць палавой свабоды і палавой недатыкальнасці. На жаль, у раёне маюцца падобныя факты. Застаецца актуальнай і праблема суіцыданебяспечных паводзін непаўналетніх. У мінулым годзе не дапушчана фактаў гібелі дзяцей ад знешніх прычын, разам з тым неабходна звярнуць увагу на прафілактыку траўматызму непаўналетніх.

Абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх знаходзіцца пад асаблівым кантролем. У параўнанні з 2024 годам летась назіралася станоўчая дынаміка ў гэтай сферы. Галоўнай прычынай сацыяльнага недабрабыту з’яўляецца ўжыванне алкаголю бацькамі. За год 14 дзяцей з 8 сямей прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

У абмеркаванне справаздачы выступілі дырэктар СШ № 1 Вольга Далецкая, намеснік дырэктара СШ № 2 Маргарыта Федчанка, старшы інспектар інспекцыі па правах непаўналетніх Дар’я Трафімава.

Намеснік пракурора раёна Лізавета Асіпенка звярнула ўвагу кіраўнікоў устаноў адукацыі і суб’ектаў прафілактыкі: «Добра, што работа па абароне дзяцей дае плён. Але нагадаю, што заканадаўства строга і канкрэтна вызначае нормы і тэрміны прызнання сямей у сацыяльна небяспечным стане ці патрэбу дзяцей у дзяржаўнай абароне, арганізацыю работы па іх суправаджэнні. Правільнае афармленне неабходных дакументаў у адпаведнасці з заканадаўствам дазволіць аператыўна і эфектыыўна праводзіць работу і пацвердзіць яе».

Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня камісіі Ірына Шалахава падкрэсліла, што задачамі па папярэджанні негатыўных з’яў на 2026 год з’яўляюцца ўсе тыя пытанні, якія застаюцца нявырашанымі, а станоўчыя рухі ў рабоце з непаўналетнімі можна замацаваць і развіць толькі шляхам напружанай і сумеснай работы ўсіх зацікаўленых бакоў – устаноў адукацыі, праваахоўных органаў, законных прадстаўнікоў дзяцей, грамадскасці.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *