Снег, лёд і веласіпед: калі закон кажа «нельга»
Іду па снежным тратуары, а насустрач едзе мужчына на веласіпедзе. Размінуцца неяк, саступаю ў гурбы снегу, бо баюся, што на слізкай дарозе веласіпедыст не ўправіцца з ваджэннем. Як можна так рызыкаваць не толькі сваім здароўем, але і іншых!
Сітуацыя з яздой на веласіпедах сапраўды з’яўляецца актуальнай праблемай і для нашага горада. Зімой такая язда становіцца вельмі небяспечнай. Таго і глядзі, што руль крутанецца не ў той бок, веласіпедыст наедзе на пешахода або зусім вылеціць з тратуара на праезную частку.Да таго ж, не ўсюды і тратуары ёсць. Едучы па краі праезнай часткі, а там заўсёды знойдуцца слізкія месцы, веласіпедысты рызыкуюць трапіць пад колы аўтамабіляў.
Няўжо няма ўправы на такіх рызыкантаў? Ёсць. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі падчас рэйдаў на дарогах раёна спыняюць веласіпедыстаў на небяспечнай зімовай дарозе, папярэджваюць ці штрафуюць. Так, у мінулым годзе былі складзены 24 адміністрацыйныя пратаколы, расказаў начальнік ДАІ РАУС Мікалай Гаралевіч, сёлета – ужо два. Нягледзячы на тое, што работнікі дарожна-патрульнай службы праводзяць з веласіпедыстамі прафілактычныя гутаркі, усё роўна знаходзяцца ахвочыя сесці на веласіпед зімой.
Трэба ведаць! Згодна з правіламі дарожнага руху язда на веласіпедах (і на мапедах) забараняецца ва ўмовах снегападу і (або) галалёдзіцы. За гэта пагражае штраф да 3 БВ. Калі велааматар пры гэтым знаходзіцца яшчэ і ў стане алкагольнага ап’янення, то штраф да 5 БВ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

