Где руки погреть и чаю попить? Обеспечение безопасных условий труда в зимний период проверяли участник рейда

Безопасность Сельское хозяйство Экономика

Ці ёсць дзе рукі пагрэць і чаю папіць?

Алена Цурбелёва гутарыць з загадчыкам майстэрні УП ЖКГ Аляксандрам Гурыным.

У мэтах прафілактыкі вытворчага траўматызму распараджэннем старшыні Віцебскага аблвыканкама з 14 студзеня да 13 лютага аб’яўлены месячнік забеспячэння бяспечных умоў працы ў зімовы перыяд.

Сёлетняя зіма стала для многіх выпрабаваннем. Прадстаўнікі прафсаюзаў, галоўныя тэхнічныя інспектары ўзмацнілі кантроль за аховай працы на рабочых месцах. Карэспандэнт раённай газеты разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарчу Аленай Цурбелёвай пабывала на некалькіх вытворчых аб’ектах раёна, каб паглядзець, як арганізавана работа. Падчас нашага прыезду у майстэрні УП ЖКГ кіпела работа: механізатары рамантавалі тэхніку. З марозу мы адразу адчулі, што ў майстэрні цёпла. Гэта ж пацвердзілі і механізатары, усміхнуліся, што рукі не мёрзнуць – ацяпленне цэнтральнае. Летам у майстэрні замянілі старыя вокны на пластыкавыя, дык цяпер і вецер не страшны. Пахваліліся і адрамантаванай падлогай.

«Умовы для работы ў нас добрыя, – адзначыў малады загадчык майстэрні Аляксандр Гурын. – Ёсць душавыя, у пакоі адпачынку – тэлевізар, стол, мікрахвалевая печка, электрачайнік».

У больш складаных умовах зімой прыходзіцца працаваць на жывёлагадоўчых аб’ектах – там няма цэнтральнага ацяплення і печак. І самым праблемным аб’ектам спецыялісты райсельгасхарчу назвалі жывёлагадоўчы комплекс ААТ «АграБаравінка». Калі мы сюды прыехалі, убачылі мужчын, якія расчышчалі снег, растрасалі салому, насыпалі апілкі ў мяшкі. Як высветлілася, гэта памочнікі – работнікі райвыканкама, Обальскага керамічнага завода, ДРБУ-204, лясгаса, раёна электрасетак, участка электрасувязі.

«Прыехалі на дапамогу, – патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Саппо. – У сельгаспрадпрыемстве рабочых рук не хапае, вось і дапамагаем комплексу, які не разлічаны на вялікія маразы».

У памяшканні, дзе ўтрымліваецца больш за трыста кароў, сенажу жывёле навезена, стойлы падасланыя саломай і апілкамі. У кароўніку сустрэлі дырэктара сельгаспрадпрыемства Яўгена Мурашку, які сам кантралюе працэс. Ён расказаў, што ў маразы прыйшлося памяняць метады работы: паколькі транспарцёр замерз, вычышчаюць гной трактарам, а каля варот, дзе «прыхапіла» водаправод, яго адаграваюць кіпенем. У дапамогу жывёле – сухая падсцілка з апілак і саломы, на ёй цяплей. Што тычыцца людзей, дык яны перыядычна ходзяць грэцца ў пакой адпачынку. Там цёпла (мы праверылі), ёсць электрачайнік. У даільнай зале на комплексе чыста і суха. Слесар Віктар Баўкун расказаў, што дойка ідзе без праблем, бо для таго, каб сістэма не змерзла, перыядычна карыстаюцца цеплавой пушкай.

А вось на ферме ў Язвіне яна не патрэбна. Памяшканне, пабудаванае яшчэ ў савецкія часы, бачыла і не такія маразы. Вокны і вароты ў памяшканні ўцяплілі, адрамантавалі паілкі, расказала загадчыца Таццяна Баршынава. А цёлкам (іх тут 330), павялічылі колькасць канцэнтратаў. На ферме ўтульны пакой адпачынку, дзе можна цялятніцам і пагрэцца, і чаю папіць.

Не пазайздросціш сёлетняй зімой тым, хто працуе на вуліцы. У будаўнікоў ПМК-70, якія рамантуюць шматпавярховы дом на вуліцы Юбілейнай у райцэнтры, няма даху над галавой. І каб пагрэцца, трэба злазіць з трохпавярхоўкі і ісці ў вагончык-бытоўку, дзе прапальваецца печка. Дровы да бытоўкі падвозяцца, з гэтым праблем няма, адзначыў майстар Дзмітрый Каралёў. Што тычыцца абеду, пераважная большасць будаўнікоў ходзіць дадому. Ну, а ў каго «зсабойка», то можна перакусіць у бытоўцы. «Нашы будаўнікі працуюць яшчэ на двух аб’ектах у Гарадку і на адным – у Полацкім раёне, – расказала вядучы інжынер па ахове працы старшыня прафсаюзнай арганізацыі ПМК-70 Ірына Пушнова. – Там таксама ўстаноўлены ацяпляемыя бытоўкі. А яшчэ мы ўсім работнікам выдалі спецадзенне: зімовыя курткі, камбінезоны, чаравікі, на іх закупку прадпрыемства патраціла каля 27 тысяч рублёў».

Ларыса КІСЯЛЁВА.

Якія дадзены рэкамендацыі падчас рэйду?
Алена Цурбелёва падчас наведвання вытворчых аб’ектаў парэкамендавала не толькі своечасова чысціць снег, але і падсыпаць дарожкі пяском ці соллю, своечасова збіваць з дахаў ледзяшы, бо гэта небяспечна. Спецыяліст райсельгасхарчу расказала і пра рэкамендаваныя рэжымы абагрэву пры розных мінусавых тэмпературах: ад 0 да – 10 градусаў – перапынак 10 хвілін у сярэдзіне першай і другой палове рабочых змен, ад – 11 да – 20-10 хвілін праз кожныя паўтары гадзіны, ад – 21 да – 25 градусаў – праз кожную гадзіну, ад – 26 да – 30 – перапынак па 15 хвілін кожную гадзіну. Такі распарадак перапынкаў павінен быць пазначаны ў правілах унутранага працоўнага распарадку і (або) ў калектыўным дагаворы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *