Васіль Аглушэвіч – лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны‑2025»
Рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта № 58 ад 5 лютага 2026 года ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны‑2025» у намінацыі «аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка» прысвоена Васілю Мікалаевічу АГЛУШЭВІЧУ, трактарысту‑машыністу сельскагаспадарчай вытворчасці КУСГП «Ульскі» Шумілінскага раёна.
Прозвішча Васіля Аглушэвіча вядомае многім жыхарам Шуміліншчыны – толькі за мінулы год на старонках раённай газеты пра яго пісалі тройчы. Вясной механізатар вызначыўся на падрыхтоўцы глебы да пасяўной, сяўбе кукурузы і зерневых, летам і восенню – на ўборачнай і нарыхтоўцы кармоў, зімой – на вывазцы арганікі. Васіль Аглушэвіч любіць і ўмее працаваць на зямлі, шчыруе на сваёй малой радзіме вось ужо чвэрць стагоддзя.
Уся працоўная біяграфія Васіля Аглушэвіча – на родных палетках. Родам з вёскі Андрэева, Васіль вывучыўся на механізатара, вадзіцеля, слесара-механіка і электрыка і прыйшоў працаваць у КУСГП «Ульскі». Адсюль яго праводзілі ў армію, сюды вярнуўся зноў. Сціплы па натуры і дысцыплінаваны, ён ніколі не скардзіцца на цяжкасці, а дабіваецца поспехаў працавітымі рукамі і стараннасцю.
У 2024 годзе яго прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару.Васіль Аглушэвіч – не толькі добры работнік, але і талковы гаспадар і сем’янін, бацька чацвярых дзяцей. Дэманструе ім выдатны прыклад, як трэба любіць свой край, родную зямлю і адносіцца да жыцця. Старэйшы сын Уладзіслаў абраў аграрную спецыяльнасць і вучыцца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі на інжынера.
У пятніцу, 13 лютага, у Віцебску адбудзецца ўшанаванне лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны‑2025». Дэлегацыя раёна прыме ўдзел ва ўрачыстасцях.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Слова – дырэктару КУСГП «Ульскі» Уладзіміру Касцюкову:
– Мы ганарымся перадавым механізатарам Васілём Аглушэвічам. Ён дасканала ведае тэхніку, беражліва эксплуатуе і трактар «Беларус‑1211», і камбайн КЗС‑1218. На ўсіх участках працуе якасна і плённа. За мінулы год Васіль Мікалаевіч пасеяў 787 гектараў зерня і 376 га кукурузы, намалаціў 602 тоны зерневых і крыжакветных. Ён прафесіянал сваёй справы, выдатны прыклад для моладзі.

