Прафсаюз сагравае
Прадстаўнікі прафсаюза не толькі кантралююць захаванне заканадаўства па ахове працы, але і аказваюць дапамогу ў стварэнні камфортных і бяспечных умоў на рабочых месцах.
СУП «Лаўжанскае» на гэтым тыдні наведалі старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава і галоўны тэхнічны інспектар Яўген Зуй. Яны прыехалі з падарункамі – механізатарам сельгасарганізацыі і жывёлаводам на ферме Рашэтнікі ўручылі цеплавыя пушкі «Патрыёт». «Мы дзякуем вам за нялёгкую працу, – адзначыла Таццяна Дзіканава. – На вашай руплівасці і адказнасці трымаецца сельская гаспадарка. Дзякуй, што корміце краіну. Разам з тым, не забывайце захоўваць правілы аховы працы, памятайце, што трэба берагчы здароўе».
Прафсаюзныя работнікі пагутарылі з механізатарамі і жывёлаводамі, пацікавіліся ўмовамі працы ў мехмайстэрні і на ферме, нагадалі пра неабходнасць і важнасць праходжання медаглядаў, магчымасці адпачынку ў прафсаюзных санаторыях Беларусі скідка 25%), далі кансультацыі адказным па вядзенні дакументацыі па ахове працы. Рэкамендавалі таксама своечасова чысціць снег і збіваць ледзяшы з дахаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

