Важно верить в свои силы, считает медсестра Шумилинского ТЦСОН из Мишневич Наталья Нестерова

2026 - Год белорусской женщины Общество Семья

Важна верыць у свае сілы

На падворку ідэальны парадак, дровы складзены быццам пад лінейку, снег расчышчаны, палісаднік агароджаны… Бачна па ўсім, што тут жыве добры гаспадар. Але ж за ўсім гэтым стаіць … клапатлівая жанчына.

Наталля Несцерава з аграгарадка Мішневічы – чалавек сціплы, добры і спагадлівы. Яна прывыкла ў жыцці дабівацца ўсяго сама, сваёй працай, стараннем. Гэтаму прывучыла бабуля, якая выхоўвала Наталлю (так сталася, што маці жыла далёка і асобна ў горадзе).

Унучка ж даглядала бабулю, калі тая была ў сталым узросце. Сваю асаблівую чуласць і душэўнасць Наталля кожны дзень дорыць сваім падапечным у аддзяленні кругласутачнага знаходжання людзей сталага ўзросту ТЦСАН, дзе працуе больш за дваццаць год малодшай медыцынскай сястрой. Мае многа падзяк і дыпломаў за работу, яе прозвішча летась было занесена на Дошку гонару ТЦСАН.

Піша сцэнарый свайго жыцця. Жыццё не песціла Наталлю Несцераву і ў дарослым жыцці. Няўдалы шлюб, развод, маёмасныя праблемы. Але не апусціла рукі, знайшла ў сабе сілы жыць, працаваць, радавацца, бо зразумела, што толькі яна піша сцэнарый свайго жыцця. Адна выхоўвае дачушку Дашу, якая зараз вучыцца ў шостым класе. Увесь вольны час праводзяць разам. Дванаццацігадовая Даша заўсёды чакае маму з работы і ставіць загадзя чайнік. «Мама прыляжа на канапу, а я ёй прынясу кубачак яе любімай кавы, – кажа Даша. – Вельмі рада, што ў мяне такая мама. У яе атрымліваюцца самыя смачныя ў свеце аладкі, і я таксама вучуся іх пячы. Я ўжо ўмею закручваць галубцы і рабіць запяканку з макароны». Даша расце вельмі ўседлівая, сур’ёзная і старанная, вучыцца на дзявяткі і дзясяткі. Кожны год удзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях, мае прызавыя месцы. Зараз працуе над сур’ёзнай тэмай «Наколькі рэальна каланізаваць Марс?». Не адстае і мама, прымае ўдзел у розных пазашкольных мерапрыемствах, адна з першых адгукаецца, калі трэба дапамагчы зрабіць рамонт у класе.

Зразумець і дараваць – гэта пра яе. Кволая і адначасова моцная, Наталля Несцерава па характары вельмі добрая. Яна не ўмее трымаць камень за пазухай, зразумець і дараваць – гэта пра яе. Зараз мае цёплыя адносіны з маці і яе мужам, якія жывуць у Маскве. І яны дапамагаюць – не без іх удзелу зроблены рамонт падлогі і сцен у доме, закуплена новая мэбля. У бабулі Тамары і дзядулі Мішы кожны год летам гасцюе ў Маскве Даша. Яна з гонарам расказвае, што пабывала на Краснай плошчы, у парку Горкага, наведала маскоўскія саборы і атракцыёны.

На электраацяпленне дома Наталля «назбірала грошай у лесе» – дзве восені хадзіла ў журавіны на балота ў Бачканы, здавала ягады. У доме зроблена душавая кабіна, хутка будзе і туалет. «Я вырасла ў вёсцы і з дзяцінства прывыкла працаваць фізічна, – кажа Наталля. – Папілаваць дровы наймаю людзей, а вось складваем удзвюх з Дашай. Люблю прапальваць лазню і парыцца». Мае хобі з дзяцінства – катанне на лыжах. Спецыяльна купіла новыя лыжы з чаравікамі.Важна верыць у свае сілы. Наталля Несцерава яшчэ і вадзіцель больш як з дзесяцігадовым стажам. Легкавы аўтамабіль незаменны, калі жывеш на вёсцы. Ездзяць з Дашай у Шуміліна ў басейн, за пакупкамі… Наталля ўпэўнена, што кожны чалавек – тварэц свайго лёсу, трэба старацца, заўсёды верыць у лепшае і свае сілы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *