В хозяйствах Шумилинского района ремонтируют технику к посевной

Сельское хозяйство

«Да вясны паспеем!»

Не за гарамі вясна і вельмі адказны для аграрыяў перыяд – пасяўная кампанія. Каб яна прайшла без праблем, тэхніка павінна быць своечасова адрамантавана. Гэтыя работы ў сельгасарганізацыях раёна ў разгары.

У КУСГП «Ульскі» заканчваюць рамонт трактароў, прыступаюць да сеялак, плугоў і чызеляў. На мехдвары за работай мы заспелі механізатараў Дзмітрыя Цярэнцьева і Ігара Барысевіча, слесара Аляксандра Шэдзько. «Трактар 1221.2 практычна гатовы да работы, – расказаў Дзмітрый Цярэнцьеў. – Адрамантавалі пярэдні мост, заднюю навеску, счапленне, паліўную сістэму. На днях выйшаў з водпуску і вырашыў перабраць стартар – памыць і пачысціць. Калі вы едзем на палеткі, гэтым не будзе часу займацца. Вясной буду рыхтаваць глебу да сяўбы, потым – касіць траву».

Многае па рамонце трактароў зроблена ўласнымі сіламі кардонскіх механізатараў, толькі каробкі перадач і рухавікі здавалі ў спецыялізаваныя рамонтныя арганізацыі, расказаў галоўны інжынер КУСГП «Ульскі» Барыс Барысевіч. Ён паведаміў, што тры энерганасычаныя трактары гаспадаркі хоць заўтра могуць выехаць у поле, ёсць яшчэ МТЗ‑1523, пяць адзінак МТЗ‑1221. Даводзяць да ладу тры пасяўныя агрэгаты, ёсць адна новая сеялка. На пакупку неабходных дэталяў выдзяляліся ўласныя сродкі гаспадаркі, дапамаглі і бюджэтныя 30 тысяч рублёў. На іх закупілі лемяшы, палявыя дошкі, долаты для рамонту прычапной тэхнікі. Таксама набылі акумулятары і колы для трактароў.

Механізатары ставяць новыя вузлы і дэталі на прычапныя ўстройствы і трактары, рамантуюць плугі і машыны для ўнясення угнаенняў. «Да вясны паспеем!», – упэўнена кажуць механізатары. 23 сакавіка ў КУСГП «Ульскі» будзе праводзіцца тэхагляд тэхнікі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Слова – галоўнаму дзяржінспектару па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання райсельгасхарчу Вадзіму СЕЛІХАНАВУ:
– На рамонт тэхнікі з раённага бюджэту выдзелена 220 тысяч рублёў, з абласнога – 185 тысяч. Гэтыя грошы размеркаваны па гаспадарках раёна, поўным ходам вядзецца рамонт сельгастэхнікі. Практычна поўнасцю адрамантаваны 27 энерганасычаных трактароў, якія будуць задзейнічаны падчас пасяўной кампаніі. Зараз асноўны ўпор робіцца на рамонт самаходных апырсквальнікаў, сеялак, пасяўной глебаапрацоўчай тэхнікі – плугоў, культыватараў, сеялак, барон, чызеляў, а таксама тэхнікі для ўнясення ўгнаенняў. Яна павінны быць пастаўлены на лінейку гатоўнасці да 25 лютага. Праз тыдзень распачнецца тэхагляд сельгастэхнікі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *