Заўтра, 3 сакавіка, па ініцыятыве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Мінску пройдзе форум «Жанчына і будучае вёскі». Шумілінскі раён прадставіць зубны фельчар Мікіціхінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Людміла Бараўкова, якая жыве і працуе ў аграгарадку Мікіціха больш за трыццаць гадоў.
«Шчыра ўдзячна, што ў Год беларускай жанчыны буду прымаць удзел у такім важным мерапрыемстве, – кажа Людміла Рыгораўна. – Я родам з Брэстчыны, не пашкадавала, што прыехала на радзіму мужа, у Мікіціху. Сельскі населены пункт – гэта лепшае месца для жыцця, выхавання дзяцей. Тут створаны ўсе ўмовы для людзей – сацыяльныя, бытавыя. Побач траса Р-20, чыгуначная станцыя. Мы з мужам любім Мікіціху, сельскі ўклад жыцця, прыроду і ганарымся, што тут жывём».
На форуме будуць вітаць жанчын з усіх раёнаў краіны. Мерапрыемства стане пляцоўкай для абмену думкамі, выпрацоўкі новых падыходаў і, зразумела, для шчырай падзякі тым, хто працуе ў сельскай мясцовасці і робіць жыццё ў вёсцы лепшым.

