Полвека в стране детства. Шумилинский детский сад №2 отметил юбилей

Главное Новости Образование

Паўстагоддзя  ў краіне  дзяцінства

У пятніцу, 27 лютага, Шумілінскі дзіцячы сад № 2 адзначыў 50 год з дня заснавання. У гэты ўрачысты вечар дзверы дашкольнай установы былі адчынены для тых, хто ў розныя часы тут працаваў, і для тых, хто тут не проста працуе, а жыве гэтай працай. Зала ледзьве змяшчала ўсіх жадаючых падзяліць радасць з калектывам.

З падарункамі і віншаваннямі завіталі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка. Прыйшлі і загадчыкі шумілінскіх дашкольных устаноў – калегі, ветэраны педагагічнай працы, спонсары, і, вядома ж, бацькі – самыя шчырыя і нястомныя памочнікі.

Загадчык сада Анжэла Гарлачова прадставіла сённяшні калектыў, кожнаму адрасавала цёплыя словы, падкрэсліла, што сёння тут працуюць аднадумцы, для якіх установа даўно стала нечым большым, чым проста работа.

Першай слова ўзяла Ірына Шалахава. «На працягу 50 год вы займаецеся высакароднай справай – выхоўваеце дзяцей. Выхавалі не адно пакаленне», – падкрэсліла яна. І сапраўды: урачы, настаўнікі, рабочыя, прадпрымальнікі – усе яны некалі трымалі за руку сваю першую выхавальніцу і рабілі першыя крокі ў вялікі свет менавіта адсюль. Сярод тых, хто наведваў дзіцячы сад № 2 – старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук, дырэктар Шумілінскай ПМК70 Аляксей Крыўко, старшыня Светласельскага сельвыканкама Валерый Шчамялёў, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Саўчанка і многія іншыя вядомыя ў раёне асобы. Ірына Шалахава адзначыла, што за пяць дзесяцігоддзяў сад прайшоў вялікі шлях: змяняліся праграмы, стандарты, патрабаванні, але нязменным заставаўся галоўны прынцып – любоў да дзяцей. Менавіта яна яднае розныя пакаленні педагогаў і выхаванцаў у адну вялікую сям’ю. Ад імя раённых улад Ірына Шалахава ўручыла Анжэле Гарлачовай сертыфікат на набыццё каляровага прынтара.

Да віншаванняў далучылася начальнік аддзела па адукацыі Аксана Талстая. Яна ўручыла Граматы аддзела па адукацыі выхавальніку Святлане Гарэленкавай і памочніку выхавальніка Алене Лішык. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка ўручыла Грамату райкама прафсаюза старшыні прафкама сада Алене Рабцавай.

Ветэраны педагагічнай працы дзяліліся ўспамінамі. Таццяна Бесарабская, Таццяна Карпенка, Тацяна Талпегіна, Вера Шчамялёва, Алена Ульянава, Валянціна Цапліна, Ала Казлоўская, Вера Благадзёрава выпусцілі ў далейшае жыццё першы выпуск сада. Гэтыя жанчыны – жывая гісторыя, і іх прысутнасць надала святу асаблівую глыбіню. Кветкі, падораныя ім, былі знакам удзячнасці за тое, што яны заклалі трывалы падмурак, на якім і сёння трымаецца дашкольная ўстанова.

За 50 год у садзе было 6 загадчыкаў: Кацярына Палоўнікава, Алена Філіпенка, Таццяна Карапузава, Наталля Дзмітрэнка, Таццяна Донюш і Анжэла Гарлачова. Наталля Дзмітрэнка і Таццяна Донюш, якія прыйшлі на юбілей, з асаблівай пяшчотай успаміналі час работы ў садзе.

Асобныя словы ўдзячнасці гучалі ў адрас улады і спонсараў. Дзякуючы іх шчырай падтрымцы, у садзе з’яўляюцца новыя цацкі, абнаўляюцца гульнявыя пляцоўкі, набываецца сучаснае абсталяванне. Анжэла Гарлачова выказала шчырую падзяку тым, хто не проста аказвае матэрыяльную дапамогу, але і шчыра перажывае за тое, каб дзецям было камфортна і цікава.

На сцэну выходзілі галоўныя віноўнікі святочнага настрою – маленькія артысты ў яркіх касцюмах. Яны свяціліся, як праменьчыкі сонца, танцавалі з такой шчырасцю і задорам, што нават самыя сур’ёзныя госці не змаглі стрымаць усмешак. Калі танцы заканчваліся, гучалі шчырыя апладысменты. Выхаванцы дзіцячага садка сваёй непасрэднасцю і талентам падарылі ўсім прысутным той цудоўны настрой, які запомніцца надоўга.

Святочны вечар праляцеў як адно імгненне. Шумілінскі дзіцячы сад № 2 даказаў, што 50 гадоў – гэта час росквіту, калі ёсць чым ганарыцца, ёсць на каго раўняцца і ёсць каму перадаць эстафету. Калі апошнія госці пакідалі залу, у паветры яшчэ доўга гучала простае, але ёмістае слова «Дзякуй!». Дзякуй за дзяцінства, дзякуй за працу, дзякуй за тое, што вы ёсць.

 

З юбілеем, сад! Няхай твая гісторыя пішацца доўгадоўга, будзе напоўнена дзіцячым смехам і шчаслівымі ўсмешкамі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *