К профессиональному празднику. За страницами секретной информации

2026 - Год белорусской женщины Закон Молодёжь Общество

За старонкамі сакрэтнай інфармацыі

Групы інфармацыйнага забеспячэння раённага аддзела ўнутраных спраў чыста жаночая. Тут нясуць службу лейтэнант міліцыі старшы інспектар па ўлікова-рэгістрацыйнай рабоце Аліна Фаміна і старшы інспектар Яўгенія Нехвядовіч.

Аліна дагэтуль адзін год працавала інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх, прыйшла ў групу ў кастрычніку мінулага года. Яўгенія мае большы вопыт,  бо працуе тут чатыры гады.

Назва групы інфармацыйнага забеспячэння кажа сама за сябе. Інспектары спраўляюцца з вялікім патокам усёй інфармацыі, якая паступае ў РАУС – уносяць у адзіны дзяржаўны банк дадзеных. Ад аператыўнасці і разваротлівасці дзяўчат залежыць, як хутка інфармацыя з’явіцца ў рэспубліканскай базе.

«Любое паведамленне праходзіць праз нашы рукі, апрацоўваецца, правяраецца, – кажа Аліна Фаміна. – На разгляд кожнага адміністрацыйнага пратакола даецца канкрэтны тэрмін, і мы сочым, каб не было парушэнняў – нагадваем супрацоўнікам адпаведных службаў. Па многіх матэрыялах робім зверкі з судом, камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама, з некаторымі службамі іншых гарадоў ці раёнаў. Сакрэтнай інфармацыі заўсёды мора, за мінулы год паступіла каля чатырох тысяч».

І гэта не толькі правапарушэнні і злачынствы, але і матэрыялы аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, прыватныя абвінавачванні, інфармацыі з арганізацый і прадпрыемстваў. У групу інфармацыйнага забеспячэння звяртаюцца і жыхары раёна, каму патрэбны даведкі аб несудзімасці. Паступаюць і запыты з арганізацый на наяўнасць звестак аб правапарушэннях на канкрэтную асобу.

СЛОВА – НАЧАЛЬНІКУ РАУС ЛЕАНІДУ НАВІЦКАМУ:
– Інспектары групы інфармацыйнага забеспячэння – мае непасрэдныя памочнікі. Іх работа нябачная, але вельмі патрэбная. Яны фарміруюць дзяржаўную статыстыку па правапарушэннях. Усе базы дадзеных – у руках Аліны Фаміной і Яўгеніі Нехвядовіч. Працуюць яны старанна, уважлівыя. У патоку міліцэйскай інфармацыі няма дробязей, а ў інспектараў няма права на памылку. Мы задаволены работай інспектараў і ганарымся, што з намі, мужчынамі, працуюць такія талковыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *