Фермы Ляжні‑3 і Мішкавічы – лепшыя па надоях
Спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў АПК падвялі вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за мінулы год. Выконваючы абавязкі старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Афанасьеў разам з карэспандэнтам раённай газеты пабываў на лепшых малочнатаварных фермах.
Лідарам прафсаюзных спаборніцтваў стала ферма Мішкавічы СФГ «Раднік» – летась тут надаілі 6472 кг малака на адну карову.
«Галоўным для кароў падчас летне-пашавага перыяду была добрая сакавітая трава, – расказаў загадчык фермы Сяргей Прыгожы. – Не трэба скідваць з рахункаў работу нашых пастухоў, якія пастаянна пераганялі жывёлу на свежыя ўчасткі. У зімова-стойлавы перыяд вельмі важнае значэнне маюць кармы і догляд кароў. У нас адказныя і працавітыя даяркі, усе з вопытам работы, дапамагаюць адна адной. Без канцэнтратаў не абыходзіцца ніводнае кармленне. У Мішкавічы прыязджае перасоўны млын Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Наша зерне, іх прэміксы – і атрымліваецца добры камбікорм».
Дададзім, што ў СФГ «Раднік» з года ў год нарыхтоўваюць добрыя кармы і ўдосталь. Акрамя стандартнага сіласу з кукурузы даюць каровам і сянаж. Нарыхтаваны ён тут з бабовых траў – канюшыны, галегі, баркуну.
Яшчэ адным лідарам па надоях з’яўляецца ферма Ляжні‑3. Летась тут надаілі 4500 кг на карову. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Наталля Васілеўская расказала, што кожны год увод нецеляў у асноўны статак складае не менш як 25%. І гэта дае свой плён. Першацёлкі пры добрым раздоі даюць па 18-20 літраў малака за дзень. У гаспадарцы талковы асемянатар – Вераніка Сінякова, а на ферме не толькі зладжаны калектыў, але і надзейны – не лічацца з часам і ніколі не кінуць работу, пакуль не давядуць да канца. Акрамя сенажу і сіласу, якіх нарыхтавана з запасам, каровам даюць шрот, багаты на бялок. І зараз на ферме не здаюць пазіцый – надоі складаюць 14 кг на карову.
«На вас сёння трымаецца вёска, дзякуючы вам забяспечваецца харчовая бяспека краіны, – звярнуўся Юрый Афанасьеў да калектываў жывёлаводаў абедзвюх ферм. – Вялікі дзякуй вам за работу, стараннасць і руплівасць».
Калектывам фермаў былі ўручаны дыпломы ад прафсаюза, кожнаму работніку – падарункі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


