Шумилинские коммунальники помогают весне убрать снег из города

Главное Новости Экономика

УП ЖКГ прыспешвае вясну

Зіма паціху здае пазіцыі, а УП ЖКГ паскарае прыход вясны. Нягледзячы на тое, што слупок тэрмометра падняўся вышэй за нуль, аб’ёмы работ не толькі не зменшыліся, а наадварот. Слізкія тратуары, лужы, снежныя дахі і гурбы снегу – вось галоўныя ворагі, з якімі штодзённа змагаюцца камунальныя службы. Як арганізавана ўборка, дзе ў горадзе чысцей за ўсё і чаму нельга ачысціць усё і адразу – у рэпартажы «Герой працы».

Раніца пачынаецца са світаннем

Пакуль большасць жыхароў райцэнтра яшчэ даглядае апошнія сны, на вуліцах Шуміліна ўжо гучыць рык рухавікоў. Трактары і грэйдары пачынаюць сваю работу задоўга да таго, як пачнецца гадзіна пік. Галоўная задача – расчысціць асноўныя дарогі і тратуары, каб транспарт і людзі без праблем дабраліся да работы.

Галоўны інжынер УП ЖКГ Максім Русецкі кантралюе сітуацыю.
Штодзень у нас задзейнічана каля 10 адзінак тэхнікі, – расказвае Максім Алегавіч. – Гэта і трактары з адваламі, і пагрузчыкі, і тэхніка для вывазу снегу. Аб’ёмы работ з прыходам адлігі засталіся вялікімі: мы працягваем расчышчаць снег на дарогах і тратуарах на вуліцах і прыдамавых тэрыторыях. Асаблівая ўвага – грунтавым дарогам, якія без апрацоўкі хутка ператвараюцца ў ледзяны каток. Туды мы актыўна ўносім пясчана-саляную сумесь.

Куды знікаюць снежныя гурбы?

Адна з самых працаёмкіх задач – вываз снегу з гарадскіх вуліц. Калі раней снег проста раставаў, то цяпер яго трэба збіраць і вывозіць, каб расталая вада не затапіла праезную частку і тратуары.– Вывозім снег штодзённа, – працягвае галоўны інжынер. – Асабліва старанна чысцім пераходы, цэнтральныя вуліцы. На жаль, адначасовы вываз адбываецца не паўсюдна. Спачатку – самыя ажыўленыя ўчасткі. Прыбіраем на дварах, стараемся заязджаць у кожны двор, але фізічна ўсюды ачысціць проста немагчыма за адзін дзень. Трэба разумець: Шуміліна – не маленькая вёсачка, а вулічная сетка даволі разгалінаваная.

Тэхніка і людзі супраць снегу

УП ЖКГ працуе ў поўным складзе. Акрамя вадзіцеляў і трактарыстаў, на вуліцы выходзяць да 12 рабочых. Уручную яны дапрацоўваюць тое, што не можа зрабіць тэхніка: прачышчаюць уваходы ў пад’езды, пасыпаюць сумесі ў вузкіх месцах, убіраюць у цяжкадаступных.

– Зіма была надта снежнай, – дадае Максім Русецкі. – Мы гатовы да вясны: сочым за вадасцёкамі, каб вада не застойвалася на дарогах. Самае складанае – калі ноччу падмарожвае, а днём усё растае. Утвараецца лёд, і яго трэба пасыпаць зноў і зноў.

Планы на бліжэйшыя дні

– Мы працягваем працаваць па графіку, – заўважыў Максім Русецкі. – Усе сілы будуць накіраваны на тое, каб раніцай шумілінцы прачнуліся і ўбачылі, што горад гатовы да новага дня без ледзянога катка.

ДАВЕДКА «ГП»

За апошні тыдзень з вуліц Шуміліна вывезена 300 кубаметраў снегу. На апрацоўку дарог выкарыстана 40 тон пясчана-саляной сумесі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *