Молодая старейшина: авторитетная, мобильная, коммуникабельная

2026 - Год белорусской женщины Общество

Аўтарытэтная, мабільная і камунікабельная

Святлана ЕРМАЛОВІЧ  самая маладая старэйшына на тэрыторыі Мікалаеўскага сельсавета.

Калі жыхары вёскі Гусінцы летась выбралі Святлану Мікалаеўну, якая працуе сакратаром у Кардонскай СШ, на грамадскую пасаду, гэта было нечакана і хвалююча, прызнаецца яна. Землякі добра ведаюць яе актыўнасць, ініцыятыўнасць і добрае сэрца, таму і дэлегавалі такую адказнасць.

Гусінцы – радзіма мужа, тут і аселі, пабудавалі дом, выхоўваюць дваіх дзетак. Як старэйшына, у адказе не толькі за Гусінцы, але і суседнія вёскі – Макракі, Дубраву, Бубалі. Пераважна ў гэтых населеных пунктах жывуць сталыя, а ў Бубалях – практычна адны дачнікі.Вяскоўцы – людзі памяркоўныя, з багатым жыццёвым вопытам, без вялікіх прэтэнзій. Яны звяртаюцца да старэйшыны па бытавых праблемах, калі патрэбна расчысціць ці прагрэйдзіраваць дарогу, калі перагарэлі лямпачкі на слупах. Сям’я Ермаловічаў правяла электраацяпленне ў дом, і цяпер Святлана дае кансультацыі вяскоўцам, расказвае, куды звяртацца і якія дакументы патрэбны. Бывае, што летам перасыхае калодзеж у Гусінцах, і тады Ермаловічы дзеляцца з суседзямі вадой з уласнай свідравіны.

«На вёсцы людзі шчырыя, добрыя, працавітыя, – кажа Святлана. – Не трэба нагадваць пра абкошванне падворкаў, уборку на мясцовых могілках. Дачнікі таксама даглядаюць свае дамы, саджаюць кветкі, прыемна ад таго, што летам вёскі прыгажэюць і там становіцца мнагалюдна».

У кожнай вёсцы Святлана Мікалаеўна мае “свайго” чалавека, які трымае ў курсе ўсіх мясцовых спраў. У Макраках, напрыклад, гэта Валянціна Сініцкая, прыёмная мама траіх дзетак. Яе больш хвалююць школьныя пытанні – ці пройдзе ў галалёд ці завею аўтобус, колькі каштуюць школьныя абеды. У Гусінцах Святлана заўсёды звяртаецца да Зінаіды Цяцерка, былой старэйшыны і настаўніцы.

Святлана Ермаловіч – чалавек мабільны і камунікабельны. Сама кіруе легкавым аўтамабілем, часта падвозіць вяскоўцаў да Кардона ці райцэнтра. «У рабоце на грамадскіх пачатках важна ўмець ладзіць з людзьмі, мець арганізатарскія здольнасці, – кажа старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама Уладзімір Сядлоўскі. – І яны ёсць у Святланы Ермаловіч. З ёй лёгка і прыемна працаваць, разам вырашаць праблемы, якія падкідвае жыццё».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *