Наталья КРИВКО: «Хочу, чтобы у нас в стране было больше счастливых женщин»

2026 - Год белорусской женщины Общество

Наталля Крыўко: «Хачу, каб у нас у краіне было больш шчаслівых жанчын»

У Год беларускай жанчыны і напярэдадні 8 Сакавіка пра свой лёс, прафесію і планы на будучыню ў раённым Савеце Беларускага саюза жанчын расказала Наталля КРЫЎКО.

Ролі і прыярытэты

Наша гераіня – мама сына і дачкі, любімая і любячая жонка, начальнік Цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ «Белаграпрамбанк» у Шуміліне, прыгожая і разумная жанчына, старшыня Шумілінскага раённага Савета жанчын грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын». Менавіта ў такім парадку па значнасці расставіла свае статусы Наталля Сяргееўна. «Бачу мэту – не бачу перашкод» – дэвіз гэтай паспяховай жанчыны ва ўсіх сферах яе жыццядзейнасці. Галоўнае – здаровыя дзеці і як мага даўжэй жывыя бацькі. Лянота, песімізм, адсутнасць веры ў сябе – асноўныя злодзеі энергіі. Падарожжа – лепшы падарунак. Калі выбіраць горы ці мора – мора. Пераважныя колеры ў вопратцы – яркія адценні. Лёгкасць, пазітыў і добры настрой – незаменны набор пачуццяў шчаслівага чалавека, лічыць Наталля Крыўко.

Са сваім мужам Аляксеем Наталля пазнаёмілася адразу пасля заканчэння школы. Лёсавызначальная сустрэча адбылася на возеры ў Лескавічах. Сёння ў гэтым маляўнічым кутку ў сям’і Крыўко ёсць сваё месца для рэлаксу. Месцазнаходжанне любімай дачы нагадвае пары пра іх шчаслівае знаёмства. 20 студзеня гэтага года Наталля і Аляксей адсвяткавалі сярэбранае вяселле. Як і шмат гадоў таму, у мужчынах у асобе свайго мужа Наталля цэніць мужнасць і надзейнасць. «Кожная жанчына павінна мець побач моцнае плячо – мужчыну, з якім хочацца адчуваць сябе дзяўчынкай. А сучаснае паняцце, што жанчына сёння можа ўсяго дамагчыся сама, я не падтрымліваю. Напэўна, можа, але лепш разам!», – падзялілася Наталля.

Два цуды мацярынства

Важным перыядам у жыцці нашай гераіні стала мацярынства. Перажыць гэты цудоўны стан ёй пашчасціла двойчы. Упершыню мамай сына Кірыла яна стала ў 24 гады, а другі раз дачкі Варвары – у 39 гадоў. «Я лічу, што кожная жанчына можа стаць мамай тады, калі сама гэтага хоча і, вядома, па Божым дараванні. Так здарылася і ў нас. Навіна пра тое, што ў нас будзе другое дзіця, а яшчэ і дзяўчынка, для ўсіх стала доўгачаканым цудам», – усміхаючыся, успамінае Наталля. Адзіным адрозненнем мацярынства з 15-гадовым перапынкам стала нежаданне прыспешваць час, а даць сабе магчымасць атрымліваць асалоду, назіраць, радавацца кожнаму кроку і дасягненням свайго дзіцяці.Асноўныя метады выхавання абодвух дзяцей у сям’і Крыўко не адрозніваліся. Рабіць усё разам: гуляць, гатаваць, падарожнічаць, прыбірацца ў доме – галоўны прынцып, да якога абавязкова прыкладаецца асабісты прыклад. Метад, сапраўды, аказаўся рабочым. Сын Кірыл у 22 гады прыняў дарослае мужчынскае рашэнне – стварыў сваю сям’ю. Наталля Сяргееўна вельмі

задаволена выбарам сына. Нявестка Аляксандра прыгожая дзяўчына і выдатная гаспадыня. Яна любіць шыць і займацца рукадзеллем, а таксама з’яўляецца прафесіяналам на сваім працоўным месцы. Дачка Варвара вучыцца ў другім класе. Дамашнія заданні з ёй робіць тата, ён больш стрыманы і спакойны ў гэтай справе. А вось любоў да гатавання будучай гаспадыні прывівае мама.

Важнасць спорту ў жыцці чалавека бацькі паказваюць дзецям таксама на асабістым прыкладзе. Наталля Сяргееўна заўсёды займалася рознымі фізічнымі актыўнасцямі для прыгажосці і здароўя, а галава сям’і Аляксей Юр’евіч – майстар спорту па паўэрліфтынгу. Сын Кірыл пайшоў па слядах бацькі, паспяхова займаўся гэтым відам спорту і быў неаднаразовым прызёрам, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па грэка-рымскай барацьбе сярод юніёраў. Варвара таксама вырашыла не адставаць і ўжо некалькі гадоў займаецца танцамі, а нядаўна зацікавілася валейболам.

Мара дзяцінства, што стала прафесіяй

На другое месца ў асабістым рэйтынгу Наталля Сяргееўна паставіла прафесійны статус кіраўніка: «Стаць банкірам я хацела з ранняга дзяцінства. Я нават вяла «канцылярскую кнігу», дзе перапісвала нашы з сястрой грашовыя сродкі». Як вядома, мары маюць уласцівасць спраўджвацца! Ужо 25 гадоў Наталля Крыўко працуе ў банкаўскай сферы. А з 2011 года яна паспяхова ўзначальвае «Белаграпрамбанк» у Шуміліне. Адказнасць, кантроль і, як вынік, задаволены кліент – тое, што яна патрабуе ў адносінах перш за ўсё да сябе і калектыву. На думку кіраўніка, вытворчы працэс павінен працаваць, як гадзіннік. У 2024 годзе Наталля Крыўко атрымала найвышэйшую ўзнагароду – «Выдатнік Белаграпрамбанка». Гэтае ганаровае званне і нагрудны знак уручаюцца толькі лепшым работнікам за высокія дасягненні, прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё банка.

Час для сябе

Пры ўсіх сваіх важных статусах Наталля Сяргееўна заўсёды знаходзіць час для сябе. «Даглядаць за сабой і падабацца ў першую чаргу самой сабе павінна кожная жанчына, – лічыць Наталля Крыўко. Душэўнае задавальненне і расслабленне яна знаходзіць у простых рэчах: гатаванні і вырошчванні кветак, любіць схадзіць на масаж, правесці час з мамай і сястрой, адкрыць для сябе новую краіну ў падарожжах з сям’ёй.

Новыя абавязкі і магчымасці

У верасні 2024 года Наталля Крыўко стала старшынёй Шумілінскага раённага Савета жанчын грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын». Па словах Наталлі Сяргееўны, гэты статус і актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах зрабілі яе больш міласэрнай і ўважлівай да чужых праблем. Хоць задоўга да гэтага БСЖ быў у жыцці жанчыны, бо мае ў «Белаграпрамбанку» сваю вертыкаль, а ўсе супрацоўніцы – 100% яе сябры.

«У жанчыны шмат роляў, таму на наш 2026 год – Год беларускай жанчыны – у нас запланавана нямала акцый і праектаў. Ужо распрацаваны план абласнога марафона «О, женщина! Ты – мир!». Мерапрыемствы будуць накіраваны на прафесійную рэалізацыю жанчын, на падтрыманне сямейных каштоўнасцей. У раёне запланавана правядзенне сумесных майстар-класаў бацькоў з дзецьмі і кулінарны конкурс «Сямейны рэцэпт». Напрамак работы пад усёабдымным паняццем «Радзіма» будзе працаваць на фарміраванне брэнда беларускай жанчыны – валанцёра, грамадскага дзеяча, палітычнага лідара. Гэтак жа запланаваны вялікі блок, прысвечаны жаночаму здароўю», – падзялілася планамі старшыня раённага Савета жанчын БСЖ. Наталля Крыўко падкрэсліла, што ў Год беларускай жанчыны ва ўсіх нас ёсць выдатная магчымасць – даць кожнай жанчыне праявіць сябе. «А наогул я проста хачу, каб у нас у краіне было больш шчаслівых жанчын», – заўважыла яна.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *