«Для самых любімых»
Святочны канцэрт з такой цёплай назвай прайшоў у Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў напярэдадні 8 Сакавіка. Вясну педагогі, вучні і іх бацькі сустрэлі ва ўтульнай атмасферы музыкі і мастацтва.
Вядучыя мерапрыемства – вучні школы Ксенія Васьковіч і Глеб Кулецкі – ўрачыста адкрылі свята: «Гэты канцэрт мы прысвячаем вам і выдатна, што праходзіць ён у Год беларускай жанчыны, бо менавіта вы – захавальніцы дамашняга ачага, натхняльнікі і галоўныя музы ў жыцці кожнага з нас».
Усіх прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва шчырымі словамі і вершамі павіншавала старшыня Шумілінскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сініцкая.
Першы блок канцэртнай праграмы прадставіў узорны духавы аркестр. А песню «Каханую не аддаюць» падарыла зале салістка Ангеліна Чаплінская. Жывы гук вакаліста і музычных інструментаў са сцэны заўсёды выклікае невымоўныя пачуцці натхнення. А калі адну кампазіцыю змяняе наступная, зусім іншая па настроі, як у гэты раз зрабіла «Bahama Mama», то пачуцці захаплення ад такога групавога майстэрскага валодання музычнымі інструментамі немагчыма перадаць словамі. Гэта трэба чуць.
Далей падарункамі сталі запальны «Рэгтайм» з кінафільма «Va bank» у выкананні Ігната Гуйдо, «Вальс падаючага лісця» ад Усевалада Латковіча. Свае лепшыя вакальныя творы падарыў усім дамам узорны хор.
Яркі фінал канцэрту і ўсім гасцям падарыў народны вакальны ансамбль «Гарэзнікі». Душэўная «Маміна хустка», легендарная «Кацюша», беларуская народная «У сасновым барочку» і запальная «Любіць па-беларуску» – кампазіцыі, якія напоўнілі сэрцы гледача шчасцем, любоўю і добрым настроем. Вясна толькі пачынаецца!
Дар’я ЧАПУРНОВА


