Падлічылі тэхніку, праверылі габарыты і тармазы

Падрыхтоўка да пасяўной кампаніі – гэта клопат і супрацоўнікаў РАУС. Рэйдавыя групы кожны дзень наведваюць мехдвары сельгаспрадпрыемстваў, правяраюць колькасць сельгастэхнікі і яе спраўнасць. На мінулым тыдні супрацоўнікі міліцыі пабывалі ў СУП «Лаўжанскае» і ААТ «Ляжні».
«Згодна з распараджэннем УУС Віцебскага аблвыканкама “Аб рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў у перыяд правядзення пасяўной кампаніі” мы правяраем, ці праводзяцца перадрэйсавыя праверкі механізатараў і вадзіцеляў, ці на спраўнай тэхніцы яны ездзяць, – расказаў старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў. – Калегі іншых аддзяленняў правяраюць работу вартавой аховы». У сельгаспрадпрыемствах былі правераны дакументы на трактары і сельгасмашыны, спраўнасць светлавых прыбораў, тармазоў і рулявога кіравання, наяўнасць маячкоў аранжавага колеру, якія павінны быць уключаны пры руху па дарогах агульнага карыстання. Былі выяўлены недахопы: у «Лаўжанскім» адзін з трактароў не меў допуску да ўдзелу ў дарожным руху, патрабуюць абнаўлення святловяртальныя элементы на плугах, культыватарах і сеялках. У ААТ «Ляжні» МАЗ не меў допуску да ўдзелу ў дарожным руху. На службовых асоб складзены адміністрацыйныя пратаколы. Рэкамендавана ў бліжэйшы час падрыхтаваць тэхніку і прайсці тэхагляд транспартных сродкаў.
Участковы інспектар РАУС Юрый Сільвестраў праводзіў прафілактычныя гутаркі, нагадваў, што за крадзеж можна пазбавіцца волі да трох гадоў, а паўторна – і да чатырох.
Старшы оперупаўнаважаны групы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі РАУС Алексей Аляшкевіч падлічыў сельгастэхніку ў гаспадарках і правёў зверку з бухгалтарскімі дакументамі. Вынікам застаўся задаволены. Разам з тым узніклі пытанні, чаму так доўга рамантуюцца некаторыя трактары. Кіраўніцтва спасылалася на недахоп грошай на дарагія запчасткі. У ААТ «Ляжні» падверглася крытыцы неабсталяваная пляцоўка для захоўвання металалому. Каб яе абгарадзіць, вялікіх выдаткаў не трэба. Адказныя асобы абяцалі выправіць сітуацыю ў бліжэйшы час. Кіраўніцтву сельгаспрадпрыемстваў накіраваны прадстаўленні аб выпраўленні сітуацыі.
КАМПЕТЭНТНЫ КАМЕНТАРЫЙ
– Супрацоўнікі РАУС сумесна са спецыялістамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама правялі 23 маніторынгі аб’ектаў АПК, – расказаў начальнік аддзялення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі РАУС Дзмітрый Зубараў. – Аб’екты жывёлагадоўлі наведалі 28 разоў. Былі выяўлены 7 работнікаў у стане алкагольнага ап’янення. Усе яны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Аднаму з работнікаў прысуджана 30 гадзін грамадскіх работ, шасцёра атрымалі штраф да 2 БВ. Выяўлена некалькі фактаў неналежнага парадку на сельгасаб’ектах (не прыбраны пакоі адпачынку, адсутнічае падсцілка на фермах, не адрамантаваны воданапорныя вежы). Многія недахопы былі адразу ці назаўтра выпраўлены, астатнія знаходзяцца на кантролі.
Рэйды на аб’ектах АПК працягваюцца, у тым ліку і ў начны час.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
