Адзін дзень у ролі настаўніка
У сярэдняй школе № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна прайшоў дзень вучнёўскага самакіравання. Вучні старэйшых класаў на адзін дзень памяняліся месцамі з настаўнікамі і ўзялі кіраванне школай у свае рукі!
З самай раніцы ў школе панавала незвычайная атмасфера. Навучальны працэс у гэты дзень забяспечвалі вучні 8, 10 і 11 класаў. Настаўнікі-дублёры адказна падышлі да падрыхтоўкі: самі пісалі канспекты, прыдумвалі цікавыя заданні і нават ставілі адзнакі (вядома, толькі добрыя!). «Новаспечаныя настаўнікі» прадэманстравалі глыбокае веданне прадметаў і творчы падыход.
Адміністрацыю школы таксама ўзначалілі вучні, якія паспяхова каардынавалі работу новага «педагагічнага калектыва»: дырэктарам-дублёрам была адказная і незалежная Ганна Сяргееўна Галынчык, намеснікам-дублёрам па выхаваўчай рабоце – старанная і крэатыўная Анастасія Дзмітрыеўна Красоўская, намеснікам-дублёрам па вучэбнай рабоце стаў грунтоўны і сур’ёзны Станіслаў Мікалаевіч Ціханаў.
На ўроках было шумна, але неверагодна цікава. Вучні малодшых класаў са здзіўленнем глядзелі на «новых» настаўнікаў, а старшакласнікі на ўласным вопыце зразумелі, якая няпростая настаўніцкая праца.
Я сам бы ніколі не падумаў, што стаяць каля дошкі так хвалююча! Мне выпаў гонар быць настаўнікам матэматыкі ў 8 «А» і 8 «Г» класах. Вядома, без шуму і смеху не абышлося, але я справіўся. Аказваецца, быць настаўнікам так складана! Трэба не толькі ведаць свой прадмет, але і трымаць увагу ўсяго класа, адказваць на каверзныя пытанні і ўсё паспець за 45 хвілін урока!
Атрыманы вопыт, магчыма, стане стымулам для паступлення ў профільныя ВНУ. І, магчыма, ужо праз некалькі гадоў мы сустрэнем у нашай школе новых настаўнікаў і з цеплынёй будзем успамінаць, з чаго ўсё пачыналася!
Кірыл КОЦІКАЎ, настаўнік-дублёр, вучань 10 класа.

