Надвор’е прымушае паспяшыць

Адрамантаваць тэхніку да вясенне-палявых работ – задача нумар адзін для сельгаспрадпрыемстваў раёна, бо да ворыва, чызелявання і сяўбы застаецца ўсё менш часу.
Па словах галоўнага дзяржінспектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання райсельгасхарчу Вадзіма Селіханава, са 113 трактароў, што маецца ў гаспадарках, на палеткі выедуць 93. Астатнія будуць задзейнічаны на жывёлагадоўчых аб’ектах. 26 трактароў – энерганасычаныя. «80% трактароў поўнасцю адрамантаваны і гатовы працаваць. Гатовы 10 камбінаваных пасяўных агрэгатаў і тры сеялкі. Засталося памяняць рабочыя органы ў двух пасяўных агрэгатах, якія належаць ААТ «АграБаравінка» і СУП «Лаўжанскае», адрамантаваць сеялку ў «Лаўжанскім». На ворыве будуць працаваць 11 чызеляў – яны адрамантаваныя, задзейнічаны 24 плугі (гатовы на 92%). Калі браць у разрэзе гаспадарак, то лепш за ўсіх падрыхтавана КУСГП «Ульскі» – тут гатовы ўсе пасяўныя агрэгаты, культыватары, пагрузчыкі, заканчваюць рамонт двух трактароў. Два «Беларусы» засталося адрамантаваць у ААТ «АграБаравінка».
А вось у СУП «Лаўжанскае» рамонтныя работы ідуць вельмі марудна. Тут яшчэ трэба давесці да ладу пяць трактароў. Два энерганасычаныя знаходзяцца на ААТ «Заходне-Дзвінскі МРС». Рамонт быў сур’ёзны, таму патрабуюцца немалыя грошы, каб разлічыцца. «Спадзяемся на дапамогу з абласнога бюджэту – трэба забраць энерганасычаныя трактары да пачатку пасяўной, – расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Дзятлоўскі. – Купілі неабходныя запчасткі да трактароў «Беларус», рамантуем».
Дапамога віцебскіх арганізацый. Сёлета амаль усім сельгаспрадпрыемствам раёна падставілі плячо шэфы з вобласці – адрамантавалі дзевяць адзінак тэхнікі. Так, работнікі Віцебскага завода трактарных запчастак адрамантавалі МТЗ-82 СУП «Лаўжанскае» і МТЗ-1523 ААТ «АграБаравінка», спецыялісты УП «Віцебскаблгаз» – два МТЗ-1221 КУСГП «Ульскі» і СУП «Лаўжанскае». ААТ «Віцебскаблаўтатранс» заканчвае рамонт МТЗ-83 «Ульскага», а РУП «Віцебскэнерга» давёў да ладу МТЗ-82 для гэтай жа гаспадаркі. Работнікі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі» адрамантавалі МТЗ-920 ААТ «Прыазёрны мір» і МТЗ-82 ААТ «АграБаравінка». Віцебскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне дапамагло ААТ «Прыазёрны мір» – давялі да ладу «Кіравец» гаспадаркі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
