Палы сухой травы запрещены!

Безопасность Происшествия

Агонь  ідзе  па  сухой траве   і  па  чалавечых  лёсах

З прыходам вясны агонь быццам зрываецца з ланцуга. Варта людзям выйсці на ўчасткі, пачаць прыбіраць тэрыторыю – і вось ужо хтосьці падпальвае смецце, хтосьці траву, хтосьці ледзь-ледзь распальвае вогнішча. А потым ратавальнікі мчацца на выклікі – сотні і тысячы разоў за сезон.

На 21 сакавіка ў краіне палыхнула ўжо 25 лясоў, адзін тарфянік, 387 участкаў з травой і хмызняком. І амаль усе гэтыя пажары – справа рук чалавека. Хтосьці не ўсачыў за агнём, хтосьці вырашыў «хуценька выпаліць сухастой», а хтосьці проста не падумаў пра наступствы.

«Асабліва страшна, што часцей за ўсё ў бяду трапляюць сталыя людзі, – заўважае інспектар РАНС Вадзім Півавараў. – Яны проста хочуць навесці парадак, як рабілі ўсё жыццё. Але варта плюхнуць на агонь бензін або іншую гаручую вадкасць – і полымя ўзлятае сцяной. У чалавека няма ні секунды на выратаванне.

Многія нават не ўяўляюць, які хаос ствараюць у прыродзе. Травяны пал – гэта не «хуткая ўборка», гэта сапраўдны пажарны монстр. Ён раздзімаецца ветрам за імгненне, пераскоквае праз канавы і дарогі. І вось ужо гарыць хлеў, дом, машына, лес… Часам гінуць людзі. І гэта самае страшнае».

Ратавальнікі нагадваюць, што за такія «падпалы дзеля парадку» прадугледжаны сур’ёзныя штрафы. Артыкул 16.40 КаАП прадугледжвае ад 10 да 30 базавых велічынь, за вогнішчы ў забароненых месцах – да 12 базавых. А калі шкода буйная, прадугледжваецца крымінальная адказнасць.

«Калі вы ўжо вырашылі развесці вогнішча – рабіце гэта з розумам, – дзеліцца слушнымі парадамі супрацоўнік РАНС. – Толькі ў ціхае надвор’е, толькі ўдалечыні ад дамоў і лесу».

Запомніце простыя, але жыццёва важныя правілы:
не пакідайце агонь ні на хвіліну;
ачысціце месца ад сухой травы;
трымайце побач ваду, пясок або вогнетушыцель;
сачыце, каб іскры не ляцелі куды папала;
сыходзячы, заліце вугалі так, каб яны не тлелі».

А  вось  што  катэгарычна  забаронена:
  выпальваць сухую траву і ржышча;
разводзіць вогнішчы на тарфяніках і пад дрэвамі;
выкарыстоўваць бензін, газу і іншыя «паскаральнікі».

Калі  ўбачылі,   што  дзесьці  гарыць  трава:
ацаніце сітуацыю;
калі агонь невялікі, паспрабуйце  збіць яго галінкамі, засыпаць пяском ці заліць вадой;
пераканайцеся, што полымя не ўспыхне зноў;
калі пажар вялікі – адразу тэлефануйце 101 або 112 і сыходзьце ў бяспечнае месца.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *