Падаткі – аснова стабільнасці
Як бы ні змяняўся свет і грамадства, адна рэч застаецца нязменнай: падатковая служба працягвае выконваць сваю галоўную місію – папаўняць бюджэт, ад якога залежыць фінансаванне школ, бальніц, дарог, сацыяльных праграм і падтрымка тых, хто найбольш мае патрэбу ў дапамозе.
«Нашы мэты і задачы нязменныя, – падкрэслівае намеснік начальніка інспекцыі-начальнік аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Шумілінскім раёне Вольга Каўгунова. – Мы рэалізуем дзяржаўную падатковую палітыку, і вынікі гавораць самі за сябе. Сёння бюджэт Шумілінскага раёна фарміруюць 12 тысяч падаткаплацельшчыкаў. За першае паўгоддзе супрацоўнікі інспекцыі забяспечылі паступленне падаткаў, збораў, пошлін і іншых плацяжоў на суму 16,7 млн. рублёў – гэта істотны ўклад у развіццё раёна.
Асаблівы гонар работнікаў – рост падатковай культуры. 99,2% плацяжоў паступаюць у бюджэт добраахвотна, без напамінаў і затрымак. Добрасумленны плацельшчык заслугоўвае павагі, адзначаюць супрацоўнікі інспекцыі, і яны ўдзячны ўсім, хто своечасова выконвае канстытуцыйны абавязак, і жадаюць працвітання іх справам і бізнесу.
«Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім супрацоўнікам падатковай інспекцыі і ветэранам службы за вернасць доўгу і важкі ўклад у агульную справу, – адзначае Вольга Каўгунова. – Міру і згоды вам і вашым блізкім, добрага здароўя, бадзёрасці духу і ўпэўненасці ў сваіх сілах, настойлівасці ў дасягненні новых прафесійных вышынь на карысць Беларусі і роднага краю. Няхай кожны дзень будзе напоўнены пачуццём гонару за вашу працу і правільнасць абранага шляху».
Алена КАРПУШЭНКА.

