“Дзяўчынкі нараджаюцца быць рукадзельніцамі”

Образование

Сёлета  на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вучаніца 9 класа СШ №1 Ганна Ляснічая заваявала Дыплом III ступені па тэхналогіі. Гэта не першае і, можна меркаваць, не апошняе яе заваяванне.  Куратарам і ідэйным натхніцелем была настаўніца Надзея Міхайлаўна Спірыдонава.
Падарунак, зроблены сваімі рукамі – сапраўды самы лепшы?
Ганна: – Так, сапраўды. Ты ўклаў у яго душу, часцінку сябе ўклаў. Шчыра прызнацца,  сама такія падарункі раблю не часта. Куды прасцей – купіць нешта ў магазіне. Хіба толькі некаму дужа блізкаму.
Н. М. Спірыдонава: – Я лічу, што работа, выкананая сваімі рукамі, – гэта заўжды радасць, цяпло і самыя прыемныя эмоцыі. А  калі маці робіць нешта для свайго дзіця, то гэта яшчэ і  працуе як абярэг.
А што б вы прапанавалі паспрабаваць кожнаму?
Ганна: – Гэта складанае пытанне, я нават і не ведаю, што адказаць. Кожнаму падабаецца нешта сваё: усё залежыць ад чалавека.
Н. М. Спірыдонава: – Мне найперш самой хочацца паспрабаваць нешта новае, а потым ужо прапанаваць кожнаму. Калі я ўмею нешта, то мне хочацца, каб усе гэта ўмелі.  Нядаўна мы разам з дзяўчатамі вывучалі пластык, цяпер – захапіліся вышыўкай стужкамі. Кожнай хочацца паспець да 8 сакавіка стварыць нешта прыгожае, каб зрабіць падарункі мамам. Наогул, мне здаецца, што дзяўчынкі нараджаюцца быць рукадзельніцамі, і ў іх заўжды ўсё атрымліваецца, чым бы ні захапіліся.
Які ў вас любімы час сутак?
Ганна: – У мяне вечар, калі ўсе справы зроблены, можна прайсціся з сябрамі, пагуляць, пагаварыць.
Н. М. Спірыдонава: – А я люблю ноч. Цішыня, спакой, многа думак, ідэй. Я нават не ведаю, адкуль яны прыходзяць. І калі днём чытаю тое, што напісала ноччу, то часта здзіўляюся: няўжо гэта ўсё я сама надумала. І ноччу робіцца больш – нічога не перашкаджае, ні на што не пераключаеш увагу.
Раскажыце пра творчыя планы…
Ганна: –  Калі вы маеце на ўвазе алімпіяды, то, канешне, хочацца перамагчы “на рэспубліцы”. Праўда, гэта дужа няпроста. Бачылі б вы тыя работы, якія прывозяць дзяўчаты ды і хлопцы таксама. Я часта проста не разумею, як такое можна зрабіць.
Н. М. Спірыдонава: – Мы ўжо з Ганнушкай абмяркоўвалі: нешта дужа грандыёзнае хочацца зрабіць. Тэма вельмі складаная: “Беларусь – мая Радзіма”. Хутчэй за ўсё будзе вышыўка. Больш нічога не можам сказаць – мы яшчэ знаходзімся ў стадыі роздуму. Крыху адпачнем, а потым возьмемся ўшчыльную за новы праект.
Пасля размовы засталася цвёрдая ўпэўненасць у тым, што гэты творчы тандэм абавязкова народзіць штосьці грандыёзнае. Поспеху ім, натхнення, моцнага жадання ісці наперад.
Гутарыла  Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *