
Маршрут «Ад цэглы да ледавіковага гіганта»
Як палюбіць Шуміліншчыну за адзін дзень
У нашым раёне распрацаваны 31 турыстычны маршрут – для розных узростаў і інтарэсаў. Галоўная стаўка зараз робіцца на адзін з іх – маршрут «Ад цэглы да ледавіковага гіганта». Турыстычны інфармацыйны цэнтр Шумілінскага раёна прапануе ідэальны варыянт для тых, хто хоча за адзін дзень убачыць самае цікавае – насычаная экскурсія спалучае прамысловасць, гісторыю і прыроду роднага краю.
Падарожжа пачынаецца з наведвання Обальскага керамічнага завода – аднаго з вядучых вытворцаў цэглы ў Беларусі. Тут экскурсанты даведаюцца пра сучасныя тэхналогіі, робатызаванае абсталяванне і запатрабаваныя прафесіі. Асаблівая ўвага надаецца экалагічнасці вытворчасці і рацыянальнаму выкарыстанню прыроднай сыравіны. На гэта адводзіцца 45-60 хвілін.
Далей – аглядная аўтобусна-пешаходная экскурсія па гарадскім пасёлку Обаль, якая знаёміць з гісторыяй населенага пункта.
Наступны пункт – Музей Обальскага камсамольскага падполля. Гэта адзіны на постсавецкай прасторы музейны аб’ект, прысвечаны подзвігу маладых падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Наведванне музея займае 45 хвілін і дазваляе адчуць пачуццё гонару за гераічнае мінулае і павагі да гістарычнай памяці.
У гарадскім пасёлку Шуміліна ўдзельнікаў чакае абед з дэгустацыяй мясцовага безалкагольнага напою – яблычнай шыпучкі. Абед праходзіць у кафе «Метан» і займае 30-45 хвілін.
Завяршаецца праграма наведваннем помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Вялікі камень» у Горках. Гэта ўнікальны валун, прынесены тысячу гадоў таму на тэрыторыю Беларусі скандынаўскім ледавіком. Тут турысты даведаюцца пра старажытную гісторыю фарміравання ландшафту Беларусі, ролю прыродных помнікаў і неабходнасць іх захавання. На гэта адводзіцца 30-45 хвілін.
Пры неспрыяльных умовах надвор’я (або па жаданні турыстаў) у праграме тура можна замяніць наведванне прыроднага аб’екта на майстар-клас у Шумілінскім раённым доме рамёстваў. Тут можна пазнаёміцца з тэхнікай вырабу саламяных павукоў, адноўленай тэхналогіяй чорнадымленай керамікі, узорамі ткацтва, вышыўкі, вырабамі з лазы і лёну. Майстар-клас – гэта знаёмства з прафесіяй рамесніка знутры.
Агульны час маршруту – 4,5-5 гадзіны. Кошт – 45 рублёў з чалавека (уключае наведванне музея, ОКЗ, абед з дэгустацыяй, экскурсійнае суправаджэнне па маршруце).
Чаму варта паехаць
Маршрут вырашае некалькі задач: прафарыентацыя (знаёмства з сучаснымі вытворчасцямі і запатрабаванымі тэхнічнымі прафесіямі), патрыятычнае выхаванне (вывучэнне прыкладаў мужнасці і гераізму маладога пакалення), экалагічная адукацыя (знаёмства з унікальнымі прыроднымі аб’ектамі) і краязнаўства (вывучэнне гісторыі роднага рэгіёна праз рэальныя аб’екты).
Маршрут дазваляе ўбачыць, як мінулае, сучаснае і будучае звязаны паміж сабой: прыродныя багацці сфарміравалі наш край, людзі захавалі яго гісторыю, а сучасныя прадпрыемствы ствараюць новыя магчымасці для развіцця рэгіёна. І гэта пацвярджаюць турысты з Полацка, Гарадка і Лёзна, якія летам пабывалі на экскурсіі.
Запісацца на экскурсію і даведацца пра іншыя маршруты можна ў турыстычным інфармацыйным цэнтры Шумілінскага раёна.
Як адзначае дырэктар цэнтра Ірына Кулікава, у бліжэйшых планах – работа з шумілінскімі прадпрыемствамі па арганізацыі прамысловага турызму, цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі, папулярызацыя школьных музеяў, а таксама атэстацыя супрацоўнікаў як экскурсаводаў.
– Турыстычны патэнцыял раёна вялікі, – падкрэслівае Ірына Уладзіміраўна. – Важна, каб да нас прыязджалі за эмоцыямі, экстрэмальнымі паходамі, яркімі ўражаннямі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
