Областной турнир по волейболу прошёл в Шумилино

Новости Спорт, туризм

Эмацыянальная феерыя валейболу
У мінулыя выхадныя ў ДзЮСШ прайшоў традыцыйны абласны турнір па валейболе сярод юнакоў, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка.Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх узроставых групах – 2000-2001 і 1997-1998 гадоў нараджэння.
У меншай узроставай групе за перамогу змагаліся валейбалісты з Шуміліна Яўген Дубавец, Антон Сушынскі, Ягор Пальвінскі, Андрэй Нячай, Віталь Воранаў і Даніла Кірпічэнка), з Верхнядзвінска, Віцебска і Паставаў. Нашы юныя валейбалісты восенню выйгралі першынство вобласці – гэта і выклікала інтарэс балельшчыкаў, якія прыйшлі падтрымаць сваю каманду. “У гэтым узросце ставім толькі на перамогу, — адзначае трэнер нашай каманды Аляксей Паршыкаў. – Яны толькі з гэтага сезона пачалі гуляць на сур’ёзных стартах. Кожны выйграны турнір – своеасаблівы падмурак для выпрацоўкі духу, псіхалогіі пераможцы”.
Спаборніцтвы выдаліся цікавымі і ўпартымі. На перамогу акрамя шумілінскіх валейбалістаў яўна разлічвалі і спартсмены з Паставаў, якія хацелі ўзяць рэванш за пройгрыш у фінале першынства вобласці. Шуміліна і Паставы прадказальна выйгралі свае першыя матчы і падышлі да сустрэчы паміж сабой толькі з выйгрышным багажом. Але ж навязаць барацьбу госці не змаглі, шумілінцы  спакойна кантралявалі гульню, ярка і эфектыўна разыгрывалі свае камбінацыі. Як вынік – перамога ў хатнім турніры. Лепшымі на пляцоўцы ў складзе шумілінскай каманды былі Антон Сушынскі і Ягор Пальвінскі. Дарэчы, перамога на спаборніцтвах павінна стаць добрай трэніроўкай для каманды, бо яна будзе абараняць гонар Шуміліншчыны ў Дзіцячай валейбольнай лізе.
А вось турнір сярод валейбалістаў 1997-1998 гадоў нараджэння разглядаўся выключна як трэніроўка. Таму і былі заяўлены Шуміліна-1, Шуміліна-2, Віцебск-1 і Віцебск-2.  За першую шумілінскую каманду гуляў касцяк каманды – Дзяніс Кляцкоў, Аляксей Аляшкевіч, Яўген Цырулік, Антон Сілін, Віталь Грузневіч, Мікіта Паўлікаў і Дзмітрый Ананьеў, за другую – лепшыя ігракі з каманды 2000-2001 гадоў нараджэння, да якіх на дапамогу “камандзіраваны” больш вопытныя Уладзіслаў Шэкін, Ілья Пальвінскі і Ілья Шніпаў. Па аналагічнаму прынцыпу былі сфарміраваны і віцебскія каманды. “Зусім хутка  абласныя спаборніцтвы “Алімпійскія дні моладзі па валейболе”, – пракаменціраваў трэнер Аляксей Паршыкаў. – Неабходна  ўзнавіць гульнявыя сувязі, у баявых умовах паглядзець на розыгрыш новых камбінацый і спалучэнняў”. Па словах Аляксея Паршыкава, турнір даў валейбалістам добрую гульнявую практыку, а трэнер пабачыў тое, над чым трэба папрацаваць перад адказным стартам. Каманда “Шуміліна-1” заняла першае месца, а “Шуміліна-2” – трэцяе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №4 ад 17.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *