С 26 мая по 6 июня на дорогах проводится акция «Внимание-дети!»

Безопасность

«Увага – дзеці!»
У сувязі з тым, што ў бліжэйшыя дні пачнуцца летнія канікулы, па ўсёй Беларусі з 26 мая па 6 чэрвеня пройдзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!».
Ужо цяпер многія бацькі пачынаюць адвозіць на лета да сваякоў у вёскі дзяцей, якія ходзяць у дзіцячыя сады. Хутка скончацца заняткі і ў школьнікаў. Супрацоўнікі міліцыі, педагогі і бацькі аб’яднаюць свае намаганні па забеспячэнні бяспекі дзяцей. Міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць дарослым прычыны і вынікі ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх, адказнасці за парушэнні ПДР, а таксама неабходнасці асабістага прыкладу правільных і бяспечных паводзін на дарозе.
Паводле статыстыкі, 70% ДТЗ з удзелам дзяцей учыняюцца па віне дарослых. За студзень-красавік бягучага года на дарогах рэспублікі ў 108 ДТЗ загінулі 10 дзяцей (8 пешаходаў, 2 пасажыры) і 108 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Сярод дзяцей, якія трапілі ў ДТЗ, было 64 пешаходы (54% ад агульнай колькасці), 42 пасажыры (36%) і 12 веласіпедыстаў (10%). За гэты перыяд толькі 35 дзяцей атрымалі траўмы па сваёй неабачлівасці, а больш як 80 пацярпелі і загінулі па віне дарослых вадзіцеляў.
Дзяржаўтаінспекцыя чарговы раз заклікае вадзіцеляў быць максімальна ўважлівымі пры руху каля дзіцячых устаноў, праездзе нерэгулюемых пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту і ў дварах. А таксама захоўваць правілы бяспечнай перавозкі дзяцей.  У дні акцыі «Увага – дзеці!» трэба рухацца ў светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фар. Гэта неабходна, каб прыцягнуць увагу маленькіх пешаходаў да транспартнога сродку, які набліжаецца.
Па матэрыялах БелТА.
Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *