Депутаты Шумилинского районного Совета рассмотрели вопрос об увековечивании памяти погибших защитников Отечества

Актуалии Официально

Зберагчы памяць пра подзвіг народа
Невыпадкова чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў праходзіла 23 чэрвеня, у дзень вызвалення Шумілінскага раёна: на парадку дня сесіі стаяла пытанне “Аб рэалізацыі на тэрыторыі раёна Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў на 2011-2014 гады, падрыхтоўцы і святкаванні 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашыскіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”. У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі М. М. Канявалаў, ягоны памочнік В. В. Піскуноў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава дае слова А. М. Зайцаву, дэпутату раённага Савета па Луначарскай выбарчай акрузе №1, намесніку старшыні райвыканкама. “Пытанне, вынесенае на разгляд сесіі, з’яўляецца не толькі актуальным, але мае вялікае гістарычнае, палітычнае, патрыятычнае значэнне. Час няўмольна аддаляе нас ад мінулага, але шаноўныя адносіны да памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў з’яўляюцца свяшчэнным доўгам усіх грамадзян”, — адзначае Анатоль Мікалаевіч. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 116 месцаў баявой і воінскай славы. На шумілінскай зямлі пахаваны 10 411 загінуўшых воінаў, з якіх невядомы імёны 2217 чалавек.
У раёне створаны электронны банк даных воінскіх пахаванняў і ахвяр вайны. Дзякуючы свабоднаму доступу да архіўных матэрыялаў Міністэрства абароны Расіі (ОБД “Мемориал”, “Подвиг народа в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.»)  і праведзенай пошукавай рабоце ўдалося ўстанавіць імёны 492 раней невядомых салдат.
На дзяржаўным ўліку стаіць 58 воінскіх пахаванняў. За апошнія гады было выяўлена 6 воінскіх пахаванняў у Дабейскім, Лаўжанскім, Каўлякоўскім і Мішневіцкім сельсаветах, якія раней не былі ўлічаны. Пошукавая работа  ў гэтым напрамку працягваецца.
А. М. Зайцаў адзначыў, што ў раёне вядзецца вялікая работа па ахове, рамонту і рэстаўрацыі воінскіх помнікаў. 19 воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, на іх аформлены ахоўныя абавязацельствы. На пастаянным кантролі райвыканкама, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў знаходзіцца работа па добраўпарадкаванні і правядзенні рамонтных работ у месцах воінскай славы. За ўсімі воінскімі помнікамі замацаваны шэфскія арганізацыі.
За 2011- прайшоўшы перыяд 2014 года на рамонт воінскіх пахаванняў, выраб мемарыяльных пліт накіравана 349,3 мільёна рублёў, у тым ліку са сродкаў, заробленых працоўнымі калектывамі на раённых суботніках, –124,4 мільёна рублёў.
На 20 чэрвеня бягучага года ў раёне пражывала 46 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама 71 чалавек — былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, 2 – члены сем’яў загінуўшых, 6 інвалідаў з дзяцінства, звязаных з вайной. У раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па стварэнні ўмоў для павышэння якасці і ўзроўню жыцця ветэранаў, асоб, якія пацярпелі ад вайны, пажылых людзей і інвалідаў.  У першым квартале 2014 года было праведзена  абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў жыцця ўсіх ветэранаў вайны. Усе 6 пытанняў, якія паставілі ветэраны, былі вырашаны.
У раёне праводзіцца вялікая работа па героіка-патрыятычнаму выхаванню моладзі ў традыцыях беларускага народа. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, сустрэч, акцый, якія праводзяцца з моладдзю, урачыстых прыёмаў у піянерскую арганізацыю і ў члены БРСМ. Актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і патрыятычным выхаванні моладзі прымаюць раённы савет ветэранаў, пярвічныя ветэранскія арганізацыі, раённая арганізацыя саюза афіцэраў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў праваахоўных органаў, таварыства інвалідаў, інвалідаў па зроку.
Ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі падрабязна расказаў пра работу, якую праводзіць 52-і спецыялізаваны пошукавы батальён на тэрыторыі Шумілінскага раёна. За 2010-2014 гады праведзены работы на 11 аб’ектах. За 2010-2013 гады перахаваны астанкі 29 загінуўшых абаронцаў Айчыны. Сёлета батальён праводзіў работы на 4 аб’ектах, знойдзены астанкі 11 воінаў, устаноўлена імя аднаго – Галіуліна Нарулы, які загінуў 5 сакавіка 1944 года.
Старшыня Мішневіцкага сельскага Савета дэпутатаў Г. У. Зязюлька расказала пра работу, якая праводзіцца ў сельсавеце па ўвекавечанні памяці воінаў Вялікай Айчыннай вайны, па дапамозе ветэранам.
А. Г. Віеру, дэпутат па Сувораўскай выбарчай акрузе №9, паведаміла пра медыцынскае абслугоўванне і рэабілітацыю ветэранаў вайны. Так, да 1 мая быў праведзены комплексны медыцынскі агляд усіх інвалідаў і ўдзельнікаў вайны. 15 інвалідаў і ветэранаў вайны прайшлі лячэнне ў шпіталях.
А. М. Пузікава, дэпутат па Слабадской выбарчай акрузе №31, спынілася на асаблівасцях работы па патрыятычным выхаванні ў Слабадской д/с-СШ. У мікрараёне школы ўжо няма жывых ветэранаў вайны, таму сістэму выхавання тут будуюць праз пазнанне роднага краю, у тым ліку і яго гераічных старонак.
Завяршаючы абмеркаванне, старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны звярнуў увагу на  так званых “чорных капальнікаў”, якія разбураюць памятныя мясціны, гандлююць памяццю. Тыя, хто ведае пра такія выпадкі, павінны біць у званы – паведамляць у міліцыю, у сельсаветы, у райвыканкам. Гэта злачынцы, якіх трэба прыцягваць да адказнасці.
Уладзімір Пятровіч адзначыў, што ўжо 70 гадоў мы жывём пад мірным небам. Такога доўгага перыяду яшчэ не было ў гісторыі Беларусі, таму трэба асабліва цаніць спакой і стабільнасць, берагчы іх, каб перадаць будучым пакаленням. “Выхаванне пачынаецца з сям’і, каб у моладзі не было пустаты, прабелаў, бо інакш гэтая пустата можа запоўніцца адмоўнай інфармацыяй, якой дастаткова ў інтэрнэце, – заўважыў старшыня райвыканкама. – Абавязкова трэба завяршыць работу па перавыданні кнігі “Памяць”, бо ў ёй сабрана тое, аб чым трэба памятаць вечна, на чым трэба будаваць выхаванне моладзі ”.
У прынятым рашэнні адзначана неабходнасць далейшай работы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, вызначаны напрамкі дзейнасці ў гэтай рабоце, прызначаны адказныя.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №50 за 02.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *