Браслав, Шумилино и Руба смешили лучше всех

Культура

Фантан  пачуццяў  і  феерверк  усмешак
Нікога не збянтэжыў парадкавы нумар чарговага XIII абласнога свята гумару “Смяяцца не грэх”. А намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў жартам прапанаваў лічыць яго юбілейным. А традыцыйны гумарыстычны фэст сёлета і сапраўды выдаўся адметным. Па-першае, свята ўмясцілі ў адзін дзень, на поўную магчымасць задзейнічаўшы Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу. Па-другое, асаблівы статус мерапрыемству надаў удзел у ім фіналістаў і пераможцаў тэлепраектаў і конкурсаў.
Пачалося свята ў аграгарадку Мікіціха. Там адбылася прэзентацыя-візітоўка работы аўтаклубаў Віцебскай вобласці “У госці да вас”. Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Г. Ф. Баркевіч заўважыла, што такі спосаб арганізацыі вольнага часу насельніцтва надзвычай актуальны для Віцебшчыны, бо ў кожнай аддаленай і маланаселенай вёсцы жывуць людзі, якія таксама хочуць актыўнага культурнага жыцця. Яна пажадала ўдзельнікам доўгага творчага шляху, актыўнасці на сцэне і ў жыцці.
Актывісты раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” на чале са старшынёй Л. М. Нагібавай абаранялі гонар аўтаклуба Шумілінскага раёна. Яны ў чарговы раз даказалі, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі хочуць і могуць жыць актыўна. Яны па добрай звычцы накрылі багаты стол. А як жа без гэтага, упэўнена Любоў Мікалаеўна, калі ў хаце госці. А побач – стол з фірменнымі рыбнымі браслаўскімі прысмакамі. Фае цэнтра на тры гадзіны было аддадзена казачным героям, музыкам, носьбітам трапнага беларускага гумару.
Выступленне аўтаклубаў змянілі на сцэне тэатральныя калектывы, тэатры мініяцюр з розных куткоў Віцебшчыны. У зале сабралася багата гледачоў: усё ж не кожны дзень у Мікіцісе ладзяцца такія святы.
Вечарам свята перамясцілася ў райцэнтр. У Шумілінскім раённым цэнтры культуры прайшоў канцэрт-конкурс “Зарапад” з удзелам фіналістаў і пераможцаў тэлепраектаў і прэстыжных конкурсаў ад Віцебскай вобласці. Доўга не адпускалі са сцэны Анастасію Лейкіну (Віцебск), пераможцу тэлепраекта “Спяваючыя гарады”, якая сваімі спевамі літаральна загіпнатызавала шумілінскую публіку. Салісты і вядучыя Андрэй Чабан (Докшыцы) і Жанна Нарыцына (Глыбокае) надоўга запомняцца шумілінцам і выдатным канферансам, і непаўторным выкананнем. Цёплы прыём шумілінскага гледача застанецца і ў сэрцы фіналістаў тэлепраекта “Я магу” Аляксандра Якаўлева (Гарадок),  Алега Булавіна і Алега Праскаловіча (Віцебск).
Асобна хочацца сказаць пра цыркавыя калектывы, якія, як заўважыла Г. Ф. Баркевіч, упрыгожылі свята і ўсе былі дастойныя першага месца. Гэта ўзорная цыркавая студыя “Арэна” і цыркавая студыя “Фантазёры” (Орша), узорны цыркавы калектыў “Мара” (Шаркаўшчына). Госці атрымалі дыпломы і адмысловыя керамічныя сувеніры, якія ўручыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук.
Калі вы з рэгулярнасцю раз на два гады наведваеце свята гумару “Смяяцца не грэх”, то, напэўна ж, ведаеце многіх артыстаў, чакаеце выхаду на сцэну любімага калектыву. Добрыя творчыя ўзаеміны завязаліся паміж шумілінскімі артыстамі і артыстамі з Рубы. Нагадаем, што летась на шумілінскай сцэне яны мераліся сіламі ў КВЗ. Народны тэатр мініяцюр “Кураж” скарае гледачоў яркасцю вобразаў, лёгкасцю ігры, арганічнасцю дыялогаў і дынамізмам пастаноўкі. Яны смяюцца над тым, што нам блізка і зразумела, што перажываў ці назіраў у жыцці кожны з нас.
Неадназначнасць сітуацый, разнастайныя дробязі сямейнага жыцця – выдатная нагода для жартаў. Гэта добра ведаюць нашы землякі, артысты народнага тэатра мініяцюр “Буф”. Яны паказалі праграму “Сямейнае насланнё”, дзе прапанавалі нам пасмяяцца з самых тонкіх граняў сямейных узаемаадносін. Гледачы шчырым смехам сустрэлі іх жарты.
Мініяцюры “У цырульні” і “У метро” прадставіў народны калектыў буфанады “Маска” (Віцебск). Гледачы чакалі і сустрэлі апладысментамі свежыя  “смехапулькі” ад Міхаіла Куляша (Лепель). Праграма “Сустрэча” ад народнага тэатра мініяцюр “Балаган” (Лепель) таксама прайшла “на ўра”.
У выніку лепшай сярод індывідуальных выканаўцаў была прызнана Н. П. Кошалева (Руба). Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў тэатр мініяцюр цэнтра культуры Докшыцкага раёна. Першае месца ў конкурсе падзялілі паміж сабой народныя тэатры мініяцюр “Буф” (Шуміліна) і “Кураж” (Руба). Гран-пры заваяваў народны тэатр мініяцюр “Покер” (Браслаў) з праграмай “Смехатэрапія ці прыгоды дактароў”. Гэта малады калектыў, на рахунку якога перамогі ў шматлікіх конкурсах гумару. Яны здзіўлялі і ўражвалі гледача, прымушалі на працягу свайго выступлення пастаянна быць у той прыемнай стадыі лёгкага напружання, калі вось-вось можа адбыцца цуд, ну, ці хаця б паляцяць іскры. Яны ігралі азартна, задорна, арганічна, паступова напальваючы атмасферу ў зале. Гэта выступленне абавязана было скончыцца феерверкам. Так і здарылася. На сцэне – рознакаляровымі канфеці, як сімвалам сотняў усмешак, у зале – шквалам апладысментаў.
Свята скончылася, калектывы раз’ехаліся па дамах, развітаўшыся яшчэ на два гады. Яны падсілкаваліся непаўторнай творчай атмасферай для таго, каб увасобіць у жыццё свае самыя смелыя задумы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 24.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *