27 мотоциклистов в Шумилинском районе привлечено к административной ответственности в 1 квартале

Безопасность Общество

“Мотарух без парушэнняў”
З 11 па 17 мая супрацоўнікі ДАІ РАУС праводзілі прафілактычную акцыю “Мотарух без парушэнняў”.
Работнікі дзяржаўтаінспекцыі праводзілі рэйды на дарогах мясцовага і рэспубліканскага значэнняў. У адным з такіх рэйдаў разам з начальнікам ДАІ М. У. Гаралевічам пабывала і карэспандэнт раённай газеты.
На сваім шляху (Шуміліна-Мікіціха- Цаўі-Добрына-Сіроціна Прыазёрны) мы сустрэлі сямёра матацыклістаў. Трэба аддаць належнае гаспадарам гэтых транспартных сродкаў: усе матацыклы і скутары былі зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, ва ўсіх пройдзены тэхагляд. Увагу начальніка ДАІ прыцягнуў яшчэ матацыкліст у Шуміліне, які ехаў без уключанага бліжняга святла фар. Малады чалавек не меў вадзіцельскіх правоў. Навучыў яго крыху ездзіць сябар, вось і гойсае хлопец па вуліцах. А правілаў дарожнага руху не ведае: вельмі быў здзіўлены, што, аказваецца, матацыклістам трэба заўсёды ўключаць бліжняе святло фар: і ноччу, і днём. За паездку без правоў складзены адміністрацыйны пратакол, цяпер хлопцу пагражае штраф ад 5 да 20 базавых велічынь. Дарэчы, такі ж штраф “свеціць” і знаёмаму парушальніка. Напэўна ж, ён ведаў, што ў таго няма правоў, а ўсё роўна даверыў ваджэнне свайго матацыкла. Гэта таксама парушэнне.
Па словах М. У. Гаралевіча за студзень-сакавік гэтага года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 27 матацыклістаў, у тым ліку шасцёра з іх селі за руль у стане алкагольнага ап’янення, трое – без правоў.
“Кіроўцаў на матацыклах і скутарах можна сустрэць і ў самых невялікіх вёсках раёна, таму ў вясенне-летні перыяд стараемся заглядваць і туды, – кажа Мікалай Уладзіміравіч. – Па раёне зарэгістравана больш за пяцьсот матацыклаў. Не-не, ды і сустракаюцца яшчэ і незарэгістраваныя. Таму рэгулярна, ажно да зімы, праводзім спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Матацыкл”, накіраваны на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам гэтага віду транспарту”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №38 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *