14 лістапада – Сусветны дзень барацьбы з цукровым дыябетам

Здоровье

Змяніць лад жыцця
14 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца як дзень барацьбы з цукровым дыябетам, бо менавіта ў гэты дзень нарадзіўся Ф. Банцінг, які разам з Ч. Бестанам адкрыў магчымасць выкарыстання інсуліну ў лячэнні цукровага дыябету.
Сёння праблема дыябету набыла асаблівую актуальнасць. Кожныя 10 секунд на зямлі нехта памірае з-за дыябету, кожныя 30 секунд у свеце праводзіцца ампутацыя ніжніх канечнасцяў з-за дыябету. Гэта хвароба з’яўляецца асноўнай прычынай слепаты, ныркавай недастатковасці і захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Дыябет – адзінае неінфекцыйнае захворванне, якое ўзяла пад кантроль ААН.
Кожны год у свеце на цукровы дыябет захворвае 6 мільёнаў чалавек.
Рост захворваемасці адзначаецца і ў нашым раёне. На 1 студзеня 2015 года на ўліку стаяла 592 чалавекі, з іх 3 дзяцей. За 10 месяцаў на ўлік узята 75 пацыентаў.
Цукровы дыябет – вельмі сур’ёзнае эндакрыннае захворванне, якое развіваецца ў выніку адноснай ці абсалютнай недастатковасці гармону інсуліну, які выклікае стойкае павелічэнне ўтрымання ў крыві глюкозы.
Вылучаюць 2 тыпы цукровага дыябету: 1 тып – інсуліназалежны – “дыябет маладых” і 2 тып – інсулінанезалежны – “дыябет сталых”.
Якія сігналы пасылае арганізм, калі дыябет ужо прысутнічае ў вашым жыцці?
Павышаная смага і пачашчанае мочаспусканне, павышаная стамляльнасць, страта вагі пры звычайным рацыёне харчавання, сверб скуры і слізістых, сухасць у роце, з цяжкасцю вылечваемыя захворванні скуры.
Калі цукровы дыябет 1 тыпу развіваецца хутка (пацыент можа назваць дакладна дату захворвання), то цукровы дыябет 2 тыпу развіваецца паступова, сімптомы не вельмі выражаны, захворванне працякае вяла. Хвароба выяўляецца выпадкова, пасля здачы аналізаў на цукар альбо даследаванняў мачы.
Цукровы дыябет 2 тыпу праяўляецца часта ў сталым узросце, з’яўляючыся, як правіла, следствам залішняй вагі ці атлусцення.
І калі дыябет 1 тыпу нельга папярэдзіць і вылечыць, то цукровы дыябет 2 тыпу можна папярэдзіць і нават поўнасцю вылечыць, калі ён дыягнаставаны рана. Для гэтага бывае дастаткова пахудзець.
Дыябет – гэта кіруемае захворванне, яго цячэнне ў многім залежыць ад актыўнай пазіцыі пацыента: з дыябетам можна пражыць доўгае паўнавартаснае жыццё.
Падрыхтавала Ларыса ВІЛЬНЕЎСКАЯ, урач-эндакрынолаг Шумілінскай ЦРБ.
Надрукавана ў №88 ад 10.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *